“Права на родную зямлю, на сваю Бацькаўшчыну,
на сваю мову, культуру, на самавызначэнне,
на вольнае развіццё, нацыянальнае аблічча…
трэба заўсёды падтрымліваць напружанай энергіяй,
высокай духоўнай актыўнасцю, як быццам запраўды
кожную часіну заваёўваць нанова”
У. Самойла (Суліма)
На абанеменце гарадской бібліятэкі №6 арганізавана кніжная выстава “Традыцыйная культура беларусаў” да Міжнароднага дня культуры.
Народная культура – найважнейшая частка нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Яна адыграла выключную ролю ў індэнтыфікацыі і самазахаванні беларусаў як этнасу, адлюстроўваючы яго гістарычныя вытокі і першародную сутнасць. Менавіта народная культура з уласцівымі ёй непасрэднасцю, першароднай чысцінёй, глыбокай маральнасцю ажыўляе розныя віды прафесійнага мастацтва, надае ім непаўторны нацыянальны каларыт. Гістарычны лёс Беларусі склаўся такім чынам, што ёй на працягу многіх стагоддяў прыйшлося неаднойчы зведаць як перыяды сапраўднай магутнасці, росквіту, своеасаблівыя “зорныя часіны” беларускай дзяржаўнасці і культуры, так і працяглыя перыяды ўсеагульнага заняпаду, штучнага падаўлення нацыянальнай самабытнасці беларусаў, адмаўлення іх багатай духоўна-культурнай спадчыны. На працягу некалькіх стагоддзяў Беларусь была пазбаўлена права на нацыянальную адукацыю і развіццё прафесійнай культуры. У гэтых умовах мясцовая, беларуская па паходжанні інтэлігенцыя працавала на карысць іншых дзяржаў. Згадаем такіх сусветна вядомых дзеячаў, як Мікола Гусоўскі, Сімяон Полацкі, Тадэвуш Касцюшка, Адам Міцкевіч, Міхаіл Агінскі, Станіслаў Манюшка і інш. Але народ ніколі поўнасцю не страчваў свайго нацыянальнага аблічча, захоўваў свае самыя адметныя рысы і якасці. Народ заўсёды выступаў сапраўдным тварцом і носьбітам самабытных этнакультурных традыцый, якія ён беражліва захоўваў і клапатліва развіваў, перадаючы як сакральны дар у спадчыну сваім нашчадкам. На выставе змешчаны матэрыялы, якія асвятляюць пытанні матэраяльнай і духоўнай культуры беларускага народа, аб фальклорна-абрадавых традыцыях і святах, міфалогіі, народным мастацтве, традыцыйных адзенні і жыллі, нацыянальнай кухні, промыслах і рамёствах і інш. Выстава будзе дзейнічаць да 14 мая.

2023-04-13
