11 сакавіка ў дзіцячы аддзел цэнральнай бібліятэкі на этнаграфічнае мерапрыемства “Вясковы побыт нашых продкаў” прыйшлі вучні 2 “В” і 2 “Г” класаў ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Барысава”.

Бібліятэкар-краязнаўца Ала Смірнова з дапамогай электроннай прэзентацыі “Маленства як чароўны сон” і на падставе матэрыялаў, зафіксаваных у розных куточках Барысаўшчыны, распавяла нашым юным чытачам пра сямейны быт і жыццё дзяцей у сям’і, пра стравы на стале і адзенне, якое насілі ў будні і ў святы. Гаварылася пра тое, што апраналі на вяселле, на радзіны і на памінальны стол. Вялікую ўвагу бібліятэкар надала апісанню дзіцячага школьнага жыцця: калі школа часта размяшчалася ў чыей-небудзь хаце, а дзеці прыходзілі вучыцца нават з навакольных вёсак, то вучыліся толькі ў зімовы перыяд. Асабліва нашых гасцей зацікавіў аповед пра тое, як дзеці ў даўніну бавілі свой вольны час, у якія гульні і забаўлянкі гулялі. Так, у летне-веснавы перыяд, калі выпадалі свабодныя хвілінкі, ці ў час выпасу жывёлы дзеці гулялі ў рухомыя гульні “Пікар”, “Лапта”, “Чыжык”, “Жмуркі”, “Хованкі”. Меншыя корпаліся ў пяску, пяклі “аладкі” з гліны, нешта будавалі. Зімой дзеці збіраліся ў хатах, у асноўным, на печы, слухалі цікавыя або страшныя гісторыі, якія расказвалі дзядулі і бабулі.
Юныя ўдзельнікі мерапрыемства выказалі свае водгукі аб пачутым і падзяліліся поглядамі аб тым, што яны павінны даражыць сваёй спадчынай і берагчы яе для тых, хто прыйдзе ім на змену.
2023-04-13
