Зала літаратуры на замежных мовах прапануе ўвазе наведвальнікаў бібліятэкі выставу, прысвечаную кітайскай паэзіі.
На выставе экспануюцца выданні на беларускай і рускай мовах з фонду аддзела, у якіх прадстаўлены творы кітайскіх паэтаў, напісаныя на працягу больш чым двух тысячагоддзяў - ад глыбокай старажытнасці да сучаснасці. Лепшыя ўзоры традыцыйнай пейзажнай і філасофскай лірыкі суседнічаюць з прыкладамі таго, як новыя тэмы і формы раскрываюцца ў творчасці аўтараў ХХ і ХХІ стагоддзяў.
Лю Юйсі (772—842)
ЛАЯНСКІЯ ПІВОНІ
Півоні, што ля ганку расцвілі, мне вока
цешаць звыклаю красою;
Для сэрца лотас — надта ганарлівы;
Але раскрыліся лаянскія півоні —
І ўвесь Кітай квітнее разам з імі!
(пераклад Таццяны Сівец)
Ло Ло (нар.1927)
СМУТАК
Жыццё — не сад, дзе кветкі ўсе растуць,
няма і кветак, што ўвесь год цвітуць.
Але жыццё — і не бязмеж пустынь:
Ёсць зеляніна траў і неба сінь.
Бурлівых вод рачных плаціне не стрымаць,
А на паверхні — цішыня і гладзь.
Ёсць смех праз слёзы, ёсць — наадварот...
Жар сэрца хмары не скаваць на лёд.
Душа ў самоце — па прычыне, без,
А свята шчасця — як зімовы бэз.
(пераклад Міколы Мятліцкага)
Раім усім аматарам прыгожага пісьменства адкрыць для сябе сусвет кітайскай паэзіі!
2022-09-28