Хто такі аракул? Як стаць супергероем?
Што гэта за хвароба – хвастахруст? Хто такая Вілія? Якая самая таямнічая асоба жыве ў рацэ? Вухусік – чалавек ці жывёлінка? Гэтыя і многія іншыя пытанні выясняліся на сустрэчы з педагогам, беларускай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, якая зусім нядаўна наведала дзіцячы аддзел Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева.
– Добра і прыемна вандраваць з сябрамі і ў цудоўнай кампаніі. Запрашаю вас у казачны свет галоўнай гераіні – беларускай пісьменніцы Кацярыны Станіславаўны Хадасевіч-Лісавой, якая ў 2020 годзе атрымала прэстыжную Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі «Лепшы твор для дзецей і юнацтва» за кнігу-квест «Ключ ад Вялікай Каштоўнасці». Сёння для вас арганізаваны прыгоды, гульні і нават знаёмства з дэдэктыўнымі гісторыямі, – прадставіла госцю слухачам і ўдзельнікам сустрэчы загадчык дзіцячага аддзела Марыя Окала-Кулак.
А на сустрэчу з кніжнай феяй прыйшлі навучэнцы трэцціх і чацвёртых класаў гімназіі №3 г. Барысава і іх настаўнікі.

– Ведаеце, мае юныя сябры, я пішу казкі, таму і завуся кніжнай феяй. Напісала шмат казак. Яны змешчаны ў 26 кніжках. Пачну свой аповед з яскрава ілюстраванай кніжкі «Новыя прыгоды лісачкі Красуні», – пачала Кацярына Станіславаўна і пазнаёміла дзяцей з прыгодамі лісачкі Красуні, вясёлымі і ў той жа час павучальнымі гісторыямі пра яе.
Дарэчы, усе без выключэння выданні Кацярыны Хадасевіч-Лісавой яркія і прыгожыя. Іх можна не толькі чытаць, з іх дапамогай можна гуляць, нават дзякуючы размешчанаму ў кожным выданні QR-коду (коду хуткага водгуку) запрашаць пісьменніцу ў госці, каб пачытаць казкі.
Разам з пісьменніцай хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў грыбным каралеўстве, затым плялі косы русалцы, пазнёміліся з незвычайным героем Вухуцікам і яго краінай Вухуціяй, даведаліся пра самыя страшныя гісторыі, нават спрабавалі носікам спяваць песеньку пра елачку. На заканчэнні Кацярына Станіславаўна рассказала пра кніжку «Добрый почтальон», якая была перакладзена на рускую мову і выдадзена ў Маскве.
А далей…. А далей была вялікая чарга. Чарга з жадаючых набыць у пісьменніцы яе выданні, атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца на памяць. У гэты ж час дзеці прымяралі прыгожыя і незвычайныя галаўныя ўборы, прапанаваныя вядучым метадыстам бібліятэкі Людмілай Захарэвіч для афармлення сустрэчы.
Міні-спектакль «Казкі кніжнай феі» атрымаўся забаўляльным і павучальным, вясёлым і феерычным. Вялікі дзякуй за гэта добрай феі – Кацярыне Хадасевіч-Лісавой!
Алена БРЫЦКАЯ
2023-10-09
