Sidebar

18
Сб, Кра

«Свет Купалы і Коласа»: убачыць і прыгадаць знаёмы твор

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Больш за 60 твораў прадстаўлены ў галерэі «Праменад» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева на выставе «Свет Купалы і Коласа» па выніках конкурса дзіцячай творчасці. Экспазіцыя, прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры, адкрылася 1 снежня.

2022-12-08

Трэба адзначыць, што конкурс арганізавалі раённы савет ветэранаў (ініцыятар праекта), упраўленне па адукацыі Барысаўскага райвыканкама, Барысаўская дзіцячая мастацкая школа імя А.А. Анікейчыка. Бібліятэка прадставіла пляцоўку для работы журы, у склада якога ўвайшла і загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Таццяна Кірылава, і, канешне, арганізавала і прэзентавала выставу шырокаму колу гледачоў і наведвальнікаў нашай установы культуры.

У раённым конкурсе-выставе «Свет Купалы і Коласа» прынялі ўдзел навучэнцы дзіцячай мастацкай школы імя А.А. Анікейчыка, сярэдніх школ №№3, 8, 11, 23 і іншых, гімназій №1 і №3. На адкрыцці падзеі юных мастакоў, іх педагогаў і бацькоў, бібліятэкараў і чытачоў вітала мастацтвазнаўца аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці Анжэла Кудакова. Яна адзначыла, што нашы вялікія класікі з'яўляюцца родапачынальнікамі сучаснай беларускай літаратуры, бо напісалі творы, якія адлюстроўваюць цэлую эпоху культурнага жыцця краіны. Іх  творчасць была і застанецца важнай для беларускага народа.

 – Калі глядзіш на такія цудоўныя работы, узнікае адчуванне – вось яна, твая Радзіма, Беларусь, свет, дзе табе хораша і ўтульна. Кожны твор тут нібы свеціцца тым хараством беларускасці, якую адкрылі для свайго народа Янка Купала і Якуб Колас. І, здаецца, нельга нічога новага прыдумаць для ілюстравання іх твораў. Але ж не, магчыма! Таму гэта выстава ўнікальная, – сказала дырэктар бібліятэкі Алена Капыток.

На адкрыццё выставы завітала вядомая сямейная пара барысаўскіх педагогаў – Іван Юр'евіч і Ларыса Фёдараўна Белыя. Дарэчы, жонка актыўна працуе ў раённым савеце ветэранаў і мае прамое дачыненне да названага конкурсу, а муж з'яўляецца ўнучатым пляменнікам пісьменніка Якуба Коласа. Ён вельмі пранікнёна выказаўся пра дзіцячыя малюнкі.

 – У беларускага паэта Петруся Броўкі ёсць такія радкі: «Купала і Колас, вы нас гадавалі». А «гадаваць» – значыць не толькі «расціць», але і «падтрымліваць, апякаць, паказваць прыклад». Народныя паэты натхнялі нас, беларусаў, натхняюць і сёння на працяг іх справы, на развіццё асабістых талентаў. Сваім жыццёвым подзвігам і бессмяротнымі творамі Купала і Колас паўздзейнічалі на майстроў беларускага літаратурнага слова, кампазітараў, мастакоў і іншых прадстаўнікоў мастацтва. А выстава – таму падцверджанне, – усхвалявана гаварыў педагог і краязнаўца Іван Белы. – Мяне вельмі ўразіла, як выразна ў малюнках дзяцей адлюстроўваецца іх глыбокае веданне творчасці народных паэтаў. Пры гэтым ёсць работы, напісаныя не толькі па творах, якія ўваходзяць у школьную праграму, але і па малавядомых творах – і гэта каштоўна. Справа, пачатая калісьці Песнярамі, жыве і будзе жыць.

На адкрыцці выставы гучалі пранікнёныя выступленні Алы Ленкінай, памочніка дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Шыпулы, Сцяпана Клімчука, дырэктара Барысаўскай дзіцячай мастацкай школы імя А.А. Анікейчыка і Наталлі Царык, кандыдата мастацтвазнаўства, выкладчыка гэтай жа навучальнай установы. Словы падзякі народным пісьменнікам за натхненне гаварылі таксама юныя ўдзельнікі выставы.

Свята таленавітага мастацкага жывапісу і графікі (а гэта было сапраўды свята) упрыгожылі цудоўныя музычныя нумары ўзорнага ансамбля скрыпачоў Барысаўскай музычнай школы мастацтваў «Аніма».

Між іншым, адкрыццё выставы і яе дэманстраванне – гэта далёка не ўсё. Конкурс прадугледжвае ўзнагароды для яго пераможцаў. Інтрыга раскрыецца 15 снежня ў канцэртнай зале Барысаўскай музычнай школы мастацтваў.

…Зазірніце ў галерэю «Праменад» – і вы затрымаецеся тут на некаторы час. Абавязкова! Пільна ўглядаючыся ў дзіцячыя творы, напісаныя пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў, міжволі прыгадаеце твор літаратуры і яго герояў, нават уявіце, у якой кнізе і на якой старонцы гэта размешчана. І захочаце перачытаць.

Выстава «Свет Купалы і Коласа» працуе да 29 снежня ўключна.

Алена БРЫЦКАЯ