Супрацоўнікі сектара абслугоўвання і інфармацыі «Чытальная зала» працягваюць знаёміць сваіх сяброў з вядомымі людзьмі, ураджэнцамі Барысаўшчыны. 8 красавіка чытачы пенсійнага ўзросту пазнаёміліся з віртуальным партрэтам нашага земляка, таленавітага мастака Мікалая Ісаёнка. Мерапрыемства арганізавана ў падтрымку рэспубліканскага праекта "Кожная пятніца - роднае, сваё".
Заўсектарам Таццяна Кірылава канстатавала, што Мікалай Іосіфавіч - яркая фігура айчыннага мастацтва. Ён ніколі не імкнуўся патрапіць у мэйнстрым і шмат гадоў працягвае ісці сваёй уласнай творчай дарогай, апяваючы прыгажосць роднай Беларусі. Прыемна, што ў творчым багажы Майстра шмат работ прысвечана родным Чарневічам - вёсцы ў Барысаўскім раёне, дзе ён і нарадзіўся ў 1947 годзе. Прафесійнае прызнанне мастак атрымаў ужо даўно. Выпускнік Мінскага мастацкага вучылішча ім. Глебава, вучань Альгерда Малішэўскага і Леаніда Шчамялёва ў 1983 годзе быў узнагароджаны Дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР. Яго жывапісныя работы знаходзяцца ў розных музеях і галерэях свету, у т.л. у Траццякоўскай галерэі. Яго імя ўнесена ў слоўнік Кембрыджскага біяграфічнага цэнтра.
Мікалаю Іосіфавічу асабліва дарогі невялікія пейзажы, камерныя працы, напісаныя ў адзін прыём. Мастак іх заўсёды ствараў з захапленнем. "У добрага пейзажыста адзін матыў заўсёды розны, а ў дрэннага - розныя матывы аднолькавыя", - лічыць наш зямляк.
Падрыхтавала Таццяна Кірылава



