Беларусь славіцца бульбай і смачнымі стравамі з яе. Цыбрыкі, дзяруны, бульбянікі, пызы і знакамітыя на ўвесь свет дранікі рыхтуюцца менавіта з бульбы. Бібліятэкары сектара абслугоўвання і інфармацыі «Чытальная зала» 11 лютага запрасілі сваіх чытачоў пенсійнага ўзросту пагаварыць пра любімую гародніну, даведацца пра цікавыя факты аб ёй. А яшчэ, прапанавалі гасцям прадэгуставаць дранікі, хатняе сала і салёныя агуркі - усё ўласнага прыгатавання.
Падчас дэгустацыі супрацоўнік сектара Галіна Яраш расказала, як бульба стала любімай беларускай агароднінай і якая гісторыя ўсімі любімай стравы - дранікаў. Яна нагадала гасцям, што гісторыя бульбы пачалася далёка ад нашай дзяржавы. Радзіма самай папулярнай у Беларусі гародніны - Паўднёвая Амерыка. Па розных звестках, там бульбу гатавалі яшчэ 14 тысяч гадоў таму. Старажытныя індзейцы ўжывалі ў ежу клубні і лісце расліны. У Еўропу яго прывезлі ў XVI стагоддзі спачатку ў Іспанію, потым у Італію, Бельгію, Нямеччыну і Польшчу. Еўрапейцы не адразу рассмакавалі густ і ацанілі пажыўныя ўласцівасці бульбы, таму распаўсюджванне яе ішло павольна. Цікава, што ў Беларусі бульба з'явілася амаль на стагоддзе раней, чым у Расіі.
Такім чынам, супрацоўнікі бібліятэкі і яе наведвальнікі з задавальненнем далучыліся да рэспубліканскага праекту “Кожная пятніца – роднае, сваё”, які ініцыіраваў МАРТ.
Падрыхтавала Таццяна Кірылава



