105 гадоў з дня нараджэння І. Мележа
Якую трэба мець адданасць
І сэрца сынава, каб так
Любіць палескі край туманны…
І маці бедны андарак.
П. Панчанка.
У гарадской бібліятэцы №6 арганізавана кніжная выстава “Нязгасны прамень святла” да 105 - годдзя з дня нараджэння І. Мележа. Зямное жыццё класіка нашай літаратуры, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі Івана Паўлавіча Мележа было не вельмі доўгае: пісьменнік адышоў у іншы свет ва ўзросце 55 гадоў 9 жніўня 1976 года, але паспеў зрабіць у літаратуры вельмі многа. Яго раманная і навелістычная проза, публіцыстыка і крытыка не губляюць сваёй актуальнасці і вастрыні і цяпер. І. Мележ не на словах, а па-сапраўднаму паважаў свой народ, паважаў усё лепшае, што народ вынес з мінуўшчыны – найбагацейшую мову, працавітасць, душэўную мягкасць селяніна-палешука, цаніў, паважаў думку – чалавечую здольнасць мець свой на ўсё погляд. І. Мележ нёс людзям праўду, неабходную як хлеб, і высокае хораство мастацтва, якое ачышчае і ўзвышае чалавечую душу. Цыкл раманаў пад агульнай назвай “Палеская хроніка” – вяршыннае дасягненне І. Мележа. Гэтыя творы прынеслі яму шырокую вядомасць і прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі. Каб так узвялічыць раней амаль не вядомых людзей на балотах, каб с такой любоўю стварыць іх вобразы, паказаць іх думы, эмацыянальны свет, патрэбна было валодаць глыбокімі сыноўнімі пачуццямі, патрэбна было быць першакласным майстрам. Цікавасць да творчасці Івана Мележа не знікае ў чытача і сёння. І, думаецца, яшчэ многія і многія пакаленні беларусаў і іншых народаў будуць звяртацца да твораў гэтага ўнікальнай душы пісьменніка і асабліва да яго класічнага твора – “Палескай хронікі”. На выставе прадстаўлены матэрыял аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Выстава будзе дзейнічаць да 5 сакавіка.
Падрыхтавала Алена Цыбулька.



