16 красавіка 2020 года адзначае 85-годдзе пісьменнік і перакладчык, крытык і паэт, вучоны і асветнік-педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Анатоль Клышка, які больш за паўстагоддзя плённа працуе на ніве нацыянальнага адраджэння, верна служыць беларускай культуры, роднаму слову.
А 8 ліпеня адзначаецца 95-годдзе з дня нараджэння беларускага мовазнаўцы Міхася Клышкі, аўтара першага ў беларускай лексікаграфіі «Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў».
Анатоль Клышка распрацаваў новую методыку навучання чытанню, якая прадугледжвае першачарговае вывучэнне зычных літар. Вялікую ўвагу надае якаснаму і зразумеламу тэксту для чытання, але адначасна сцвярджае, што «без методыкі навучання чытанню нават самыя добрыя тэксты страчваюць сваю каштоўнасць».
Складальнік галоўнай кнігі школьніка з’яўляецца і перакладчыкам галоўнай кнігі хрысціян – Бібліі на беларускую мову. «Пераклад Бібліі – справа складаная. Гэта з мастацкім творам можна «пагуляць», а пры працы са Святым Пісаннем неабходна дакладнасць. Таму, лічу, такія творы трэба перакладаць толькі з арыгінала».
Краязнаўчы цэнтр бібліятэкі прапануе ўсім зацікаўленым чытачам кнігі і артыкулы Анатоля Клышкі, а таксама «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» яго брата Міхася Клышкі. «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» (1993) патрэбны для навуковых работнікаў, пісьменнікаў, журналістаў, выкладчыкаў, а таксама тым, хто мае намер самастойна вывучаць беларускую мову. Слоўнік уключае больш за 11 тысяч слоў розных пластоў лексікі беларускай мовы. Другое выданне дапоўнена новымі сінанімічнымі радамі, пры некаторых словах удакладнены стылістычныя паметы, часткова зменены ілюстрацыйны матэрыял. За час свайго жыцця Слоўнік многа служыў і зрабіў для ўсіх тых, кто практычна карыстаўся беларускай мовай. Зараз ён стаў бібліяграфічнай рэдкасцю, а патрэба ў ім значна ўзрасла.Даведка. Анатоль Канстанцінавіч Клышка (нар. 16 красавіка 1935, в. Данейкі, Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.) – беларускі пісьменнік.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, брат М. Клышкі. Вучыўся ў Навагрудскім педагагічным вучылішчы (1949– 1952). Працаваў карэктарам у навагрудскай гарадской газеце «Звязда», адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Фізкультурнік Беларусі». Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1958). Працаваў супрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958 – інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 – супрацоўнік рэдакцыі часопіса «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960). У 1961–1963 – старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», пасля ў «Полымі» – літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 – загадчык лабараторыі навучання грамаце, потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981– 1983 – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», у 1986–1990 – загадчык аддзела крытыкі часопіса «Полымя». Быў сярод арганізатараў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (1989), дзе ўзначальваў камісію па культуры мовы.
Дэбютаваў вершам у 1950 у навагрудскай газеце. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш». Аўтар «Буквара» (1969, 23 выданні), «Пропісаў да «Буквара» (1969, 4 выданні), «Пропісаў для 1 класа» (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа «Верасок» (1978, 3 выданні), «Чабарок» (1989, чытанка для 4 класа школ з рускай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» (казкі, 1983), «Святло праз стагоддзі» (пра Ф. Скарыну, выдадзена на англійскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).
Яго мастацкія творы адметныя арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю.
Пераклаў на беларускую мову «Новы запавет» (1980, асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе «Спадчына», 1989–1990), раман старажытна-грэчаскага пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Перакладае з польскай, нямецкай, лацінскай, украінскай і іншых моў. Між іншага пераклаў асобныя творы Марцыяла.
Даследуе праблемы развіцця беларускай паэзіі (творчасць М. Багдановіча, М. Танка, П. Панчанкі, А. Вялюгіна, Р. Барадуліна і інш.), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.
Зборнікі прозы для дзяцей: «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка»(1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983), «Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка» ») (1983), «Святло праз стагоддзі» (на нямецкай, французскай, англійскай мовах; аб Ф. Скарыне) (1990), «Прыгаршчы языкаломак» (2011), «Тысяча арэшкаў. Загадкі для дзяцей і дарослых» (2012).
Вучэбна-метадычная літаратура:
«Буквар» (1-е выд. 1969, перавыдаецца па цяперашні час)
«Пропісы ды Буквара» (1-е выд. 1969, перавыдаецца па цяперашні час)
Дапаможнік для 1 Класа «Верасок» (1-е выд. 1978)
Чытанка для 4 Класа з рускай мовай навучання «Чабарок» (1-е выд. 1989 г., перавыдаецца па цяперашні час)
«Беларуска-польскі размоўнік» (1992)
руск. «Букварь» (1-е выд. 1999, перавыдаецца па цяперашні час)
«Elementarz»: Падручнік для падрыхтоўчых класаў агульнаадукацыйных школ з Польскай мовай навучання
«Чую, бачу, гавару»: ілюстраваны слоўнік па беларускай мове для вучняў пачатковаых класаў агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання («Чую, бачу, гавару») (1-е выданне 2003 г., 2-е выданне 2012, перавыдаецца па цяперашні час)
«Літаратурнае чытанне. Падручнік для 4-га класа школ з беларускай мовай навучання (1-е выданне, 2008, перавыдаецца па цяперашні час).
Публіцыстыка і крытыка: «Права на верш» (1967) і інш.
Пераклады:
Лонг, «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (пераклад са старажытнагрэцкай мовы, 1991)
Гамер, «Адысея», Выбраныя раздзелы-песьні (пераклад са старажытнагрэцкай мовы, 2005 г.)
Біблія. «Новы Запавет», (пераклад з грэцкай мовы, 2014)
Марцыял Марк Валерый, «Выбраныя эпіграмы» (пераклад з лацінскай мовы, 2018)
Узнагароды:
Медаль Францыска Скарыны
Медаль «За працоўную доблесць»
Медаль «Ветэран Працы»
Літаратурная прэмія імя Васіля Віткі за ўклад у развіццё дзіцячай літаратуры (2014)
Мае званне «Выдатнік народнай асветы БССР»
Мае званне «Выдатнік асветы СССР»
Мае званне «Заслужаны Работнік Культуры»
Буквар А. К. Клышкі ўзнагароджваўся залатым медалём Міжнароднай Лейпцыгскай выставы ў 1977 годзе, сярэбраным медалём на ВДНГ СССР, у 1999 годзе буквар атрымаў першую прэмію на конкурсе «Падручнік года».Даведка. Міхась Канстанцінавіч Клышка (8 ліпеня 1925, вёска Данейкі, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць – 10 студзеня 1984) – беларускі мовазнавец.
Брат А. Клышкі. Скончыў БДУ (1958). Працаваў журналістам, у 1967–1981 рэдактарам у выдавецтве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя».
Аўтар першага ў беларускай лексікаграфіі «Слоўніка сінонімаў і блізказначных слоў» (1976, 2-е выд. 1993), праілюстраванага матэрыяламі з твораў беларускіх пісьменнікаў, фальклору, навуковых, навукова-папулярных, даведачных і перыядычных выданняў.
(Пры падрыхтоўцы артыкула былі выкарыстаны матэрыялы часопісаў Аrche, «Роднае слова», «Маладосць», якія можна пачытаць у краязнаўчым цэнтры, а таксама матэрыялы інтэрнэт-энцыклапедыі «Вікіпедыя».)



