Sidebar

22
Ср, Май

«Полымя»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Краязнаўчы цэнтр прапануе вераснёўскі нумар часопіса «Полымя», які зацікавіць барысаўчан тым, што мае на сваіх старонках невядомыя дагэтуль вершы паэта-земляка Янкі Маланкі.

Да вершаў публікуецца крытычны артыкул кандыдата філалагічных навук Міколы Мікуліча. Прыводзім фрагмент і два вершы з публікацыі.

У грамадска-культурным жыцці Заходняй Беларусі 1920-х гадоў гэта была адна з самых значных і папулярных асоб, вядомых і паважаных не толькі ў гарадах і мястэчках, але і ў аддаленых вёсках ды хутарах. Таленавіты самадзейны паэт, які друкаваўся ў многіх віленскіх выданнях, яркі публіцыст, сатырык, чые замалёўкі, гумарэскі і фельетоны неслі баявы зарад выкрывальнай сілы, мастак, шаржы і карыкатуры якога сваёй «пякучай надзённасцю», сацыяльнай вастрынёй і палітычнай актуальнасцю хвалявалі, бралі за жывое бязвусага гімназіста і старога катаржаніна, рафінаванага інтэлігента і падбітага шматлікімі бедамі і няшчасцямі батрака, адзін з заснавальнікаў і рэдактар знакамітага двухтыднёвага сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Маланка», па словах Арсеня Ліса, – «жаданай госці пад кожнай сялянскай страхой і ў рабочых кварталах». А ў цэлым неабыякавая, зараджаная вялікім патэнцыялам пазітыўнай сілы і самасцвярджэння, апантаная натура неўтаймоўнага ініцыятара і арганізатара, якая ў імя святых спраў нацыянальна-патрыятычнага адраджэння, сацыяльнай справядлівасці і свабоды аб’ядноўвала многіх ідэйных аднадумцаў і сімпатыкаў.

Янка Маланка
***
Табе, о Маці-Беларусь,
На Новы год я шлю жаданне:
Няхай прачнецца Твой народ, –
Бо ўжо прыйшла пара світання.
Прыйшла пара, каб Беларус
Сабе паставіў клічам, мэтай:
Вякову цемру гнаці вон, –
Радною кніжкай і газетай!..
1925

МАЛАНЦЫ

Цераз горы, праз даліны
Ты ляціш да родных стрэх,
Ты нясеш для Беларуса
Свой жывы, здаровы смех.

Столькі радасці, пацехі
Ты да нас з сабой нясеш!
Ты усё, усё падгледзіш,
Ўсё апішаш, асмяеш.

Ты змагаеш перашкоды,
Безупынна йдзеш ўпярод!
Знаю я, табе – удзячны
Беларускі наш народ!..
1926

У нумары вы таксама знойдзеце паэзію Міколы Шабовіча, Пятра Жаўняровіча, Ганны Міклашэвіч; прозу Георгія Марчука, Навума Гальпяровіча, лірычныя замалёўкі Казіміра Камейшы; навуковыя публікацыі, артыкулы-ўспаміны, рэцэнзіі.

Запрашаем у краязнаўчы цэнтр па добрае чытанне.

2021-10-05