Sidebar

18
Сб, Кра

“Крылатая бяседа” айца Сяргея Сурыновіча

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

8 жніўня ў галерэі "АRTквартал" Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. І.Х. Каладзеева адкрылася персанальная мастацкая выстава Сяргея Сурыновіча "Крылатая бяседа". Аўтар прапанаваў глядачам 30 жывапісных твораў у жанры анімалістыкі.

2023-08-10

Гасцямі святочнай імпрэзы сталі аматары выяўленчага мастацтва з Барысава і Мінска, прыхаджане каталіцкіх храмаў Барысаўшчыны, чытачы і наведвальнікі бібліятэкі. На адкрыцці выставы “Крылатая бяседа” ўзялі слова: дырэктар ДУК “Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І.Х. Каладзеева” Алена Капыток; аўтар, айцец Сяргей Сурыновіч, настаяцель касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Друі Браслаўскага раёна; айцец Аляксей Раманчук, настаяцель касцёла Спаслання Святога Духа ў Барысаве; кандыдат мастацтвазнаўства Наталля Царык; мастакі Святлана Швайбовіч і Уладзімір Сайко. 

Лейтматыў выставы – уважлівае назіранне за прыродай, якая з'яўляецца вялікім промыслам Божым і крыніцай натхнення для мастакоў ва ўсе часы. На выставе прадстаўлены працы апошніх двух гадоў. Гэта своеасаблівы роздум Сяргея Сурыновіча над тэмамі і праблематыкай аховы створанага Усявышнім навакольнага свету. Праз разнастайныя вобразы птушак творца імкнецца данесці духоўны падтэкст паважлівых і беражлівых адносін да навакольнай прыроды. Не менш значным пасылам з'яўляецца папулярызацыя і прыцягненне ўвагі да птушак Беларусі і асабліва яго роднай Браслаўшчыны.

Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, мастак-аматар стварыў яскравыя партрэты гэтых жывых істот, дзе прасочваюцца асаблівасці іх характару і паводзін. Птушкі выступаюць як нагода для аповеду пра тонкія рухі душы чалавека, лірычныя перажыванні. Палотны айца Сяргея напоўнены любоўю і пазітыўнай энергіяй. Нездарма ў хрысціянстве выява птушкі вельмі распаўсюджана і мае глыбокі духоўны сэнс. Так, вобраз голуба з'яўляецца сімвалам Духа Святога і часта знаходзіць месца ў хрысціянскіх храмах. Выявы птушак і жывёл там служаць напамінам пра якасці, якія павінны быць уласцівыя хрысціяніну: моц, мужнасць, стойкасць, назіральнасць і інш. Яны нагадваюць аб прысутнасці Бога ў нашам жыцці.

Любіць простае, назіраць за жыццём беларускай прыроды, спрабаваць знайсці вечнае ў мімалётным – вось пра гэта дзіўны выставачны праект.