Sidebar

22
Ср, Май

Пачыталі вершы і паразмаўлялі на роднай мове

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

23 лютага ў зале літаратуры на замежных мовах адбылася анлайн-сустрэча, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. Удзельнікі літаратурнага аб'яднання «Натхненне» Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі ім. І.Х. Каладзеева размаўлялі і чыталі вершы на беларускай мове, а па той бок экрана знаходзілася наша суайчынніца, якая жыве ў г. Філадэльфія (ЗША), член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Мароз.

На сустрэчу прыйшлі паэты Алена Брыцкая, Людміла Валасевіч, Ірына Шапавалава, Анатоль Мазгоў, Клаўдзія Петрушэнка і Валянціна Чычылава.
Спачатку кіраўнік літаб'яднання «Натхненне» Алена Брыцкая нагадала, адкуль бярэ пачатак Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта асаблівы дзень, аб'яўлены на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове краіны Бангладэш (1999 г.). Ён накіраваны на заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама на папулярызацыю моўных і культурных традыцый, заснаваных на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання 21 лютага быў абраны таму, што ў 1952 годзе ў гэты дзень былі забітыя пяць студэнтаў з Бангладэш, якія змагаліся за статус бэнгалі як афіцыйнай мовы на тэрыторыі тагачаснага Пакістана (яго ўсходняя частка пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш).
Потым слова ўзяла ўраджэнка Віцебшчыны, якая доўгі час жыла на Лагойшчыне, Галіна Мароз. Яна крыху расказала пра сябе, сваю творчасць і поспехі, пра калегаў па творчым «цэху» з Амерыкі. Вядома ж, Галіна Сяргееўна пачытала вершы, прысвечаныя роднай мове, маме, бацькоўскай хаце, роднай зямлі.
Падхапіўшы «эстафету» беларускамоўнай паэзіі, барысаўчане Людміла Валасевіч, Ірына Шапавалава, Клаўдзія Петрушэнка, Алена Брыцкая таксама чыталі вершы на беларускай мове. Разам з тым на сустрэчы звярнулі ўвагу на двухмоўе ў Беларусі – Анатоль Мазгоў прадставіў свае вершы на рускай мове.
Размова прайшла ў добрым пазітыўным настроі.
Алена БРЫЦКАЯ

2023-02-28