Sidebar

18
Сб, Кра

«Заўсёды з думкай аб народзе – лёс Песняроў сваёй зямлі»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

30 лістапада ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева адбылася творчая сустрэча з унучатым пляменнікам класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, краязнаўцам і педагогам Іванам Белым. Мерапрыемства, арганізаванае супрацоўнікамі абанемента, прысвяцілі 140-годдзю з дня нараджэння народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Дадзенай падзеі прысвячалася і кніжная выстава «Заўсёды з думкай аб народзе – лёс Песняроў сваёй зямлі». Паслухаць вядомага жыхара Барысаўшчыны прыйшлі чытачы і бібліятэкары, навучэнцы ліцэю і старэйшых класаў сярэдняй школы №8, удзельнікі літаратурнага аб’яднання «Натхненне».
Шмат чаго цікавага расказаў жаданы госць і добры сябра, часты наведвальнік бібліятэкі Іван Юр’евіч Белы.
– Беларусам пашансавала, што ў іх ёсць такія выдатныя два Песняры. Гаварыць пра іх – сяброў і паплечнікаў, можна многа. Напісаны пра іх кнігі, манаграфіі, успаміны, на розныя мовы свету зроблены пераклады іх твораў. Сёння ж я хачу звярнуць ўвагу на волатаў нашага беларускага слова ў такіх аспектах: чым яны падобныя, што ў іх агульнага і чым яны адрозніваюцца, – зазначыў у пачатку свайго паведамлення Іван Юр’евіч.
І пачаў ён з агульнасці. Па-першае, з супадзення першых літар іх псеўданімаў і часу нараджэння (1882 года), паходжання з глыбінь народа і ведання самых запаведных думак беларусаў, геніяльнасці іх беларускамоўнай творчасці і, безумоўна, таго, што, дзякуючы за творчасць, народ прызначыў Коласу і Купале званне народных пісьменнікаў.
– «Мы два яблыкі на адной галінцы» – так аднойчы сказаў пра сябе і Купалу дзядзька Якуб, і я, несумненна, згодны з ім, – дадаў Іван Юр’евіч.
Адрозніваліся пісьменнікі прыналежнасцю да канфесій: сям’я Купалы прытрымлівалася каталіцкага веравызнання, Коласа – праваслаўнага. Уплыў на свядомасць, вучобу і пачатак творчасці Купалы наклала польская культура (першыя вершы пісаў па-польску), Коласа – руская (першыя празаічныя нататкі выйшлі на рускай мове). Але ў поўнай меры свой пісьменніцкі патэнцыял абодва змаглі раскрыць на роднай беларускай мове. Яшчэ, як звярнуў увагу Іван Белы, Купала больш рамантык і складаў толькі вершы, а Колас – рэаліст, пісаў і вершы, і прозу.З дапамогай педагога прысутныя навучэнцы ўспаміналі назвы вядомых твораў Песняроў і пра што яны расказваюць.
Апавядальнік таксама цікава расказаў пра знаёмства Купалы і Коласа (у 1920 г.), іх вялікае сяброўства, пра лёс іх блізкіх людзей і сямейныя ўклады жыцця, а таксама падзяліўся ўспамінамі пра дачыненне да сям’і Якуба Коласа і асабістае знаёмства з ім (бабуля Івана Белага па бацькоўскай лініі Юзя – родная малодшая сястра Коласа).
– Мае сустрэчы з Коласам ніколі не канчаюцца. І калі я выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе і расказваў вучням пра яго творы, і калі тых жа дзяцей вазіў на радзіму Якуба Коласа і па-новаму перажываў ўсё, што з ім звязана… І сёння адкрываю «Новую зямлю» на любой старонцы і зноў атрымліваю эстэтычную асалоду ад напісаных радкоў, – такімі словамі завяршыў сваё выступленне Іван Юр’евіч.
Час сустрэчы праляцеў хутка. Магчыма, усе б слухалі яшчэ і яшчэ – такі цікавы быў аповед.
Алена БРЫЦКАЯ


2022-12-01