Sidebar

28
Вс, апр

Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Духоўна-асветніцкі цэнтр прапануе выданне «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі» Тамары Габрусь.

Выданне прысвечана ўнікальнаму культурнаму феномену – драўлянаму сакральнаму дойлідству Беларусі, складанасці яго гістарычнага лёсу і мастацкай адметнасці. Аўтар разглядае помнікі драўлянага храмабудаўніцтва розных хрысціянскіх канфесій як агульную культурную спадчыну беларускага народа, прапануецца новая мастацтвазнаўчая сістэматызацыя і класіфікацыя храмаў паводле іх архітэктонікі і канцэпцыі формаўтварэння.

У выданні Тамара Габрусь спыняецца і на праблемах драўлянага дойлідства ў наш час, калі асабліва відавочнымі сталі супярэчнасці паміж імкненнем пэўнай канфесіі да семантычнай ідэнтыфікацыі і працэсамі рэлігійна-культурнай глабалізацыі, пры гэтым адначасова актуалізуецца неабходнасць выяўлення ўласных традыцый і іх творчага выкарыстання падчас праектавання і будавання новых аб’ектаў сакральнага прызначэння. Вядома, калі паўсюль працуюць з сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі, узвядзенне храмаў з дрэва ўжо само па сабе можна лічыць працягам традыцыі. Толькі гэтага мала: звычаі нацыянальнага дойлідства павінны выяўляцца перш за ўсё ў архітэктурна-мастацкім вобразе новага храма. І ў гэтых адносінах многія ўзоры сучаснага храмабудаўніцтва выклікаюць вельмі неадназначныя пачуцці. Ці то сучасныя дойліды не лічаць патрэбным абапірацца на айчынныя традыцыі, ці то папросту ім не хапае дасведчанасці. І ў апошнім выпадку якраз істотна дапаможа выданне «Драўлянае хрысціянскае храмабудаўніцтва Беларусі».



Рукапіс дапоўнены бібліяграфіяй, спісам даследаваных драўляных храмаў, тлумачальным слоўнікам асноўных тэрмінаў і паняццяў драўлянага храмабудаўніцтва, утрымлівае вялікую колькасць сучасных і архіўных фотаздымкаў, планаў і рэканструкцый збудаванняў.

Прызначана для навукоўцаў у галіне мастацтвазнаўства, гісторыі архітэктуры і рэлігіі, а таксама для шырокага кола чытачоў.