Sidebar

11
Вт, мая

«Будзь сам сабою, беларус…»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

23 красавіка 2021 года адзначаецца 135-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі.

У творчасці Змітрака Бядулі выразна вызначаюцца два асноўныя этапы, абумоўленыя гістарычнымі абставінамі. У нашаніўскі перыяд, затым у час першай сусветнай і грамадзянскай вайны ён усімі сіламі змагаўся за адраджэнне Беларусі, за вызваленне ад нацыянальнага і сацыяльнага бяспраўя.
Ва ўмовах Савецкай Беларусі пісьменніку давялося мяняць арыенціры. Але пераход на пазіцыі сацыялістычнага рэалізму адбываўся без кардынальнай ломкі жыццёвых норм і перакананняў. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала палітыка беларусізацыі, якая ажыццяўлялася ў 20-я гады. Яна дазволіла пісьменнікам паступова прыстасоўвацца да новых абставін і падрыхтавацца да «вялікага пералому», які афіцыйна ў канцы 20-х гадоў звязаны быў з жыццём вёскі ў перыяд калектывізацыі, а на самай справе ахапіў і іншыя сферы грамадска-палітычнага жыцця краіны. Бо тады разгарнулася барацьба з так званай нацдэмаўшчынай, пачаліся маштабныя палітычныя рэпрэсіі, кульмінацыя якіх прыпала на 1937 г. Змітрок Бядуля змушаны быў прыстасавацца да новай сітуацыі, але ў творчасці звярнуўся да такой тэматыкі, якая дазволіла яму зберагчы вернасць жыццёвай праўдзе і пакінуць нашчадкам творы, што не страцілі сваёй мастацкай каштоўнасці і сёння.
На жаль, шмат якія творчыя задумы Змітрака Бядулі засталіся нерэалізаванымі. Раптоўная смерць 3 лістапада 1941 года каля горада Уральска, куды яго выгнала з роднай Беларусі вайна, спыніла яго надзвычай плённую творчасць (з артыкула беларускага літаратуразнаўцы Уладзіміра Казбярука «Будзь сам сабою, беларус…»).

Краязнаўчы цэнтр запрашае пазнаёміцца з паэтычнымі, празаічнымі і публіцыстычнымі творамі Змітрака Бядулі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, прысвечанымі яго творчасці.



БЕЛАРУСКІ ШЛЯХ

Наш шлях – цярэблены вякамі,
Наш шлях – пратоптаны лапцямі.
Па ім мы далей пойдзем.
Наш шлях крывёй, слязьмі абмыты, –
Наш шлях. Ён намі не забыты,
На ім мы нашу праўду знойдзем.

На шляху – дзедавы магілы,
На шляху – маладыя сілы,
На нашым шляху – наша доля.
На шляху лірнікі спяваюць
I песні вольныя складаюць
Аб беларускім родным полі.

Ачніцесь, бедныя ратаі,
Бо шчасце – будучыня краю
У вашых жа руках!
Ідзіце ўсе, усе бясконца
Пад беларускім ясным сонцам
На беларускі шлях!


ПРЫСЯГА

Усёй душой, гарачым сэрцам
Беларусь усю кахаем.
I за волю хоць памерці
Прысягаем! Прысягаем!

Родны межы бараніці,
Мець апеку над ратаем,
Аж пакуль мы будзем жыці,
Прысягаем! Прысягаем!

Быць дазорчымі бязмежна
Хочам над гаротным краем,
Быць тут вартаю жалезнай
Прысягаем! Прысягаем!

Да апошняй кроплі сілы
Біцца з ворагам жадаем,
Бараніці край свой мілы
Прысягаем! Прысягаем!

Родну мову шанаваці, –
Скарб багаты, што мы маем, –
Ратаваці зямлю-маці
Прысягаем! Прысягаем!

Беларускім ясным небам,
Што блішчыць над цёмным гаем,
I мазольным нашым хлебам
Прысягаем! Прысягаем!

Беларускаю нядоляй,
Што усюды спатыкаем,
Нашай ніваю і полем
Прысягаем! Прысягаем!

Беларускай праўдай чыстай,
Што мы ведаем і знаем.
Нашым Нёманам серабрыстым
Прысягаем! Прысягаем!


МАЙ

3 яркім сонцам,
3 пукам красак
Май да нас ідзець.
3 зыкам птушак,
3 коўдрай руні
Песні нам пяець.

***
Гэй, багаты і убогі,
Куйце новыя нарогі
Са штыхоў, мячоў!
Заваюйце ў родным полі
Колас шчасця, колас волі, –
Май да нас прыйшоў!

***
Хлебаробы і ратаі,
Ваша свята – свята Мая,
Свята ніў, палей,
Палоскі з зямелькі-маці
Трэба пільна заараці,
Засяваць хутчэй!

***
Зарастуць травой магілы;
Мы адновім нашы сілы,
Адбудуем край.
Буйны колас закрасуе.
Беларусь уся хай чуе,
Што святкуем Май!


КВОЛЫЯ КВЕТКІ

Кволыя кветкі вясны маёй завялі без пары, і душу маю атуліў халодны туман тугі. Пажарышча майго сэрца знікла, як вядзьмарскі балотны агонь. Белым лебедзем унясліся мае мары, і я перастаў верыць у лепшае жыццё.
Хтосьці пяяў пад маім акном сумную песню глыбокай мінуўшчыны. Нібы птушка за птушкай, нібы зорка за зоркай, лунала мелодыя, і я не мог заснуць.
І жадаў я, каб песня сціхла, каб яна не будзіла мае сэрца, каб яна не гаварыла мне аб нечым лепшым і святлейшым, каб не выклікала ўспамінаў.
Перарвалася песня. Зыкi яe шчэзлi, нiбы чoвeн pыбaкa ў дaлeчы pэчкi. Рaбiнa шaптaлa зa вaкнoм, гaлiнaмi cвaiмi ў шыбiны б’ючы. Пoтым вeтpык cцix, i нacтaлa цiшыня. І я ўcё poўнa нe мoг зacнyць. Зaжaдaў я знoў пecню пacлyxaць, зaжaдaў я знoў лyнaць дyшoй нaд яe мядoвымi xвaлямi ў пoўнaчы, aлe янa нe пaўтapaлacя. Пecня змoўклa. І тoлькi тaды, як янa змoўклa, я зpaзyмeў яe ciлy…

ПАД ПЕСНЯЙ САЛОЎКІ

Над сажалкай люстэрнай, між цвітучым вешняком, салоўка пеў. Спала зямелька вясновая пад паўночным ззяннем месяца. Зоркі ў небе блішчалі буйныя і бліскучыя.
Спаў і я, толькі сэрца маё не спала. Сэрца марыла аб той, каторая яго запаланіла, каторая іграла на маім сэрцы, як на арфе...
Песні майго сэрца былі вясновыя, сонечныя, як песні салаўя. Свет Божы выглядаў у іх такім харошым і шчыра-радасным, як само сонца. Жыццё ў гэтых песнях малявалася фарбамі кветак. I было яно чыстае, як крынічная вада.
А кончыў салоўка сваю песню, мінула вясна, кончыліся песні майго сэрца – мінула вясна і для яго. А дзяўчынка пайшла ў нябыт, пакінуўшы мне толькі недасціглую мару.
Яшчэ раз прыйдзе вясна, яшчэ раз салоўка запяе, але сэрца маё болей не адклікнецца на гэтыя чары, як раней, бо яго вясна мінула назаўсёды...

 

2021-04-20