Краязнаўчы цэнтр прапануе новую кнігу Выбраных твораў Уладзіслава Галубка з серыі «Беларускі кнігазбор» выдавецтва «Беларуская навука».
![]() |
«Жывучы ў сваім часе, Уладзіслаў Галубок, як і многія іншыя творцы, натхнёныя рэвалюцыйнымі падзеямі, пільна ўзіраўся ў дзень заўтрашні. А дзень заўтрашні для яго - гэта найперш свабодная, незалежная Беларусь. Ён у нечым, зноў жа, як і многія, памыляўся. Але не памыляўся ў адным, што было для яго самым галоўным: у тым, што беларускі народ быў, ёсць і заўсёды будзе. За гэта яму наша найвялікшая ўдзячнасць. Адначасова тое, як жыў ён, якую карысць прыносіў сваёй працай Бацькаўшчыне – прыклад, як трэба жыць, працаваць, марыць, каб гэта былі не проста словы, няхай і вельмі важныя, але і канкрэтныя дзеянні. Таму, жывучы ў сваім часе, ён успрымаецца намі і па-за гэтым часам, бо створанае ім, асабліва ў галіне тэатра, – гэта тое, што будзе працаваць на карысць новых і новых пакаленняў» (з прадмовы Алеся Марціновіча).
Краязнаўчы цэнтр запрашае па добрае чытанне.
ЧАКАЙ, БРАЦЕ!..
Ад году да году мужык наш марнее,
А працы сваёй ён нямала кладзе,
І ўсё без карысці: як ліст той гібее
У восень халодную – ў горы, ў нудзе...
Арэнда вялікая, – трудна звярнуцца:
Прадай хоць сярмягу, ды мусіш аддаць,
А голад, хвароба ў знакі даюцца,
Дый ласкі, прывету ні скуль не чуваць.
Не чуў сабе «дзякуй!», хоць дух надрывае,
Хоць потам крывавым зямлю напаіў,
Хоць шчасця не бачыў і долі не мае,
Хоць варт, небарака, каб меней слёз ліў.
Хоць бедны грашыма, ды сэрцам багаты;
Хоць цёмны навукай – ды з светлай душой.
У скрыўджаным бачыць ён роднага брата,
З ім дзеліцца шчыра астатняй крыхой.
Чакай, брат! Без часу не лезь у магілу!
Узмацуецца дух твой – яшчэ аджывеш!
Свет, браце, убачыш, пачуеш ты сілу
І песню свабоды гуртом запяеш!
1908
2021-12-13