Sidebar

25
Нд , Май

Новае паступленне мастацкай літаратуры

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Краязнаўчы цэнтр прапануе.

«Пах летніх траў: 25 апавяданняў пра Бацькаўшчыну», укладальнік Алесь Бадак
Тэма Бацькаўшчыны займае асаблівае месца ў беларускай літаратуры. «Усе мы з хат» – так трапна калісьці назваў адну са сваіх аповесцей Янка Сіпакоў, як бы гаворачы і ад імя многіх айчынных пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў вёсцы, сталі гараджанамі, а пасля напісалі пра свае родныя мясціны цудоўныя, часам крыху шчымлівыя, але заўсёды асветленыя шчырай любоўю творы.
У зборнік увайшлі апавяданні Янкі Брыля, Івана Пташнікава, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка і іншых вядомых празаікаў.

«Помню тую вясну. Першую гарадскую вясну ў сваім жыцці. Неспадзявана абрушылася яна на горад яркім і шчодрым сонцам, дружнымі капяжамі, нязнанай датуль ажыўленасцю гарадскіх вуліц, вясёлым звонам трамваяў, што раптам неяк шпарчэй і ахвотней забегалі па сваіх гладкіх, бліскучых рэйках.
Помню, як тое ажыўленне і ўзбуджанасць перадаліся і мне, і хацелася бясконца блукаць па вуліцах, назіраць, як хутка, на вачах, мяняецца ўсё. Здаецца, толькі-толькі цурчэлі ўзбоч тратуараў гаманлівыя раўчукі, а ўжо насох, пашарэў і курыць пылам асфальт, і як збавення чакае горад першага вясновага дожджыку. А на рагу амаль кожнага квартала вясковыя бабулі ў плюшаўках трымаюць цэлыя кошыкі павязаных у пучкі разам з яловымі лапкамі пралесак. І так пахне вакол набрынялаю драўнінаю, адталаю зямлёю, і так хмеліць голаў маладое трывожнае чаканне. І ты не знаходзіш сабе месца, апантана кружыш і кружыш па тлумных вуліцах вясновага горада» (Хрысціна Лялько «Канваліі»).


«Пасля вайны: раман», Уладзімір Гніламедаў.
Падзеі рамана «Пасля вайны» пачынаюцца 1944 годам. Мужчыны былі на фронце, а нялёгкія сялянскія клопаты ляжалі на кволых жаночых плячах. Прайшоў час, вайна скончылася, але цяжкасцей не паменшала, ліхалецце працягвалася. Нягледзячы на гэта, жыццё па-свойму вабіла, людзі паступова залечвалі раны вайны. У кнізе дзейнічаюць героі, знаёмыя па папярэдніх творах пісьменніка, – Лявон і Фёкла Кужалі, Васіль Платонаў, яго жонка Прося і сын Валодзя, аднавяскоўцы і новыя персанажы, народжаныя пасляваенным часам.
Чытач зможа ацаніць насычанасць сюжэтнага дзеяння, каларыт апісанняў і характарыстык, псіхалагічную пластыку дыялогаў, багацце мовы твора.
Твор разлічаны на самага шырокага дэмакратычнага чытача.

«Адчынілася школьная бібліятэка. Валодзік браў кнігі там. Прачытаў «У краіне райскай птушкі» і «Сына вады» Янкі Маўра. Беларуская мова гэтых кніг, звыкла рэчаўная і сакавітая, з аднаго боку, узмацняла іх незвычайнасць і экзотыку, а з другога – рабіла блізкімі і праўдзівымі.
…Прага ведаў не пакідала. Кніга разумелася як адлюстраванне чалавечага жыцця, заўсёды няпростага, пагрозлівага, але цікавага, з упартым жаданнем выжыць, дамагчыся нейкай мэты. Зрэшты, перажытае адлюстроўвалася не толькі ў кнігах, але, магчыма яшчэ ў большай ступені, у самім чалавеку, які насіў яго ў сабе і пры нагодзе мог падзяліцца з кімсьці іншым».

«Распасажаны дом: аповесці», Анатоль Бутэвіч
Ці ўдаецца чалавеку супраціўляцца абставінам? Ці хапае духоўнай і фізічнай сілы, настойлівасці і жыццёвай мудрасці перайначыць іх на сваю карысць? Што важней: знарок забыцца на ўсё перажытае, хутчэй выкінуць з памяці, засяродзіцца ў самім сабе, ці не адрывацца ад людзей, разам, сумесна таптаць дарогу ў заўтрашні дзень для сваіх дзяцей?
Гэтым жывуць героі кнігі. Аповесць «Апошняе ігрышча» – пра жыхароў хутара Язавец, што на Нясвіжчыне ў былой Заходняй Беларусі. Яны яшчэ не ведаюць, што чакае іх пасля 17 верасня 1939 года, калі Савецкая Армія сваім вызваленчым паходам з’яднае беларускія землі ў адну дзяржаву. Не здагадваюцца, як складзецца іхні лёс пасля «добраахвотнага» ўступлення ў калгас і такога ж «добраахвотнага» перасялення з хутара. Пра гэта ўжо аповесць «Распасажаны дом, або Хутарская вольніца».

«Ды ўсё-ткі ў гэтым неаб’яўленым супрацьстаянні чалавека і прыроды, відаць, першынство належыць кампрамісу. Прыродзе не ўдаецца вылузацца з-пад улады чалавека, а чалавек не здольны апанаваць прыроднымі сіламі да той ступені, каб цалкам падпарадкаваць іх сабе. Дбайныя гаспадары паспяваюць сёе-тое карыснае пасеяць. А пасеянае абавязкова прарасце, узыдзе, зарунее, пацягнецца да сонца, набярэцца моцы, закаласіцца, выспее папросіцца ў засекі, у сэрца, у душу. Не толькі ў прыродзе, але і ў народзе. Так і спеліцца з немаўляці рупны чалавек, выхоўваецца дбайны гаспадар, хоць і часовы на гэтай зямлі, ды сапраўдны пераемнік бацькоўскіх звычак працаваць да знямогі жыць да радасці, гараваць цярпліва, весяліцца шчыра. Жыць у няспынных і нястомных клопатах, хоць, напэўна, калі б не стала гэтых клопатаў, то і жыцця сапраўднага не было б. Няхай сабе не заўсёды ў дастатку, няхай не штодня са скваркай, але ж – жыць. Жыць, каб пасля раптоўна спатыкнуцца, а затым і зусім сысці ў нябыт, пакінуць гэты куточак, з якім зрадніўся, зжыўся, які хоць і выцягвае жылы, адбірае сілы, ды ўсё адно – найлепшы і наймілейшы за ўсе іншыя, мо і больш прыгожыя».

«Месяц зачароўваў сваім няспынным шэсцем па захмараным небе, адначасна пазбаўляючы рухомасці ўсё зямное. Дзіва дзіўнае – па небе імкліва бягуць чорна-паласатыя воблакі-хмары, нават абганяюць месяц, намагаюцца акружыць, паланіць, ды не могуць. Уцякае ён, хоць і не бяжыць на злом галавы, нібыта падражнівае захопнікаў, выслізгвае з іхняга атачэння. А як толькі даб’ецца свайго, з усмешкай на увесь сярпасты твар коціцца па небе далей, хоць пагоня за ім не спыняецца ні на імгненне. Месяц аказваецца хітрэйшым і больш спрытным. Таму гэтыя ўцяканні-даганялкі ствараюць нейкі звышзагадкавы і незразумелы свет. Яго, колькі ні ўглядайся, не распазнаеш і не зразумееш. А заварожвае ён ажно да кружэння галавы, да мільгацення ў вачах».


2021-10-20