Краязнаўчы цэнтр прапануе.
«Свайму часу і вечнасці: зборнік артыкулаў», Мушынскі М.
![]() |
Найлепшы ў краіне знаўца спадчыны Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага Міхась Іосіфавіч многія гады займаўся выданнем збораў твораў класікаў айчыннай літаратуры і лепшых беларускіх пісьменнікаў: Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа і інш. Стаў адным са стваральнікаў беларускай навуковай школы, звязанай з тэксталогіяй і выданнямі класікаў. Напісаў гісторыю беларускай крытыкі і літаратуразнаўства.
…Выданне гэтай кнігі ўяўляецца надзвычай важным. Вучоны прадбачыў шляхі далейшага развіцця беларускага літаратуразнаўства і тэксталогіі, таму яго працы будуць актуальнымі і для наступных пакаленняў айчынных навукоўцаў (з прадмовы Тамары Мушынскай, Таццяны Мушынскай).
У зборнік «Свайму часу і вечнасці» ўвайшлі артыкулы выдатнага тэкстолага і дзеяча нацыянальнай культуры, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара Міхася Іосіфавіча Мушынскага (1931–2018).
Навуковыя працы, прадстаўленыя ў кнізе, адлюстроўваюць яго фундаментальныя даследаванні ў галіне беларускага літаратуразнаўства за апошнія дзесяць гадоў жыцця. Большасць з іх прысвечаны творчасці Якуба Коласа, Івана Мележа, Максіма, Гаўрылы і Галіны Гарэцкіх, Івана Шамякіна, а таксама іншых беларускіх пісьменнікаў і вучоных. Кніга адрасавана ўсім, хто займаецца даследаваннем айчыннай літаратуры, гісторыкам, культуролагам, а таксама зацікаўленым чытачам.
2021-10-19