Краязнаўчы цэнтр прапануе «Вандроўкі па Палессі: фотаздымкі 1923–1939 гадоў са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску».
У выданні «Вандроўкі па Палессі» прадстаўлены ўнікальныя фотаздымкі са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску, большасць з якіх публікуецца ўпершыню. Фотаздымкі выкананы ў 1923–1939 гг. у 58 населеных пунктах Заходняга Палесся.
Гэта каштоўныя візуальныя дакументы па этнаграфіі, архітэктуры, краязнаўстве беларускага і ўкраінскага Палесся, гісторыі Пінска і яго музея. У кнізе таксама разгледжана гісторыя ўзнікнення фоталетапісу Палесся, фарміравання фотакалекцыі, прыведзены біяграфіі мясцовых фатографаў і даследчыкаў, каментарыі да фотаздымкаў.
![]() |
Сучасныя магчымасці алічбоўкі негатываў і здымкаў, працы са сканамі на камп’ютары змянілі оптыку бачання даследчыка і ўзбагацілі візуальны вопыт чалавека. Магія павелічэння сканаў, набліжэння твараў і дэталяў дае магчымасць амаль віртуальнага паглыблення ў мінулае, адчування прысутнасці ў прасторы…
Аўтар пераважнай большасці фотаздымкаў, змешчаных у кнізе, Д. Георгіеўскі – тагачасны захавальнік Палескага музея ў Пінску. Яго фатаграфічная спадчына – важны ўнёсак у гісторыю этнаграфічнай фатаграфіі Беларусі. Акрамя здымкаў Д. Георгіеўскага ў выданні змешчаны работы пінчан, краязнаўцаў Юзафа Абухоўскага, Іосіфа Півавара, палескія здымкі Саула Гохмана, Міхаіла Зубея, Г. Паддэмбскага, фатографаў Ф. Гадзіцкага, Васіля Ляхаўца, якія таксама прадстаўлены ў фотакалекцыі Музея Беларускага Палесся, але аб гэтых аўтарах мала што вядома было раней (з прадмовы ўкладальніцы, доктара мастацтвазнаўства Вольгі Лабачэўскай).
2021-10-04