Sidebar

24
Сб, Май

«Маланка жне, гром малоціць»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Краязнаўчы цэнтр прапануе да чытання вершасказы выбітнага беларускага пісьменніка Алеся Разанава.

Вершасказы – аўтарскі жанр Алеся Разанава: яны выявіліся ў беларускай паэзіі, вымавіліся на беларускай мове, галоўная дзейная асоба ў іх само слова. Кніга «Маланка жне, гром малоціць» уяўляе поўны сбор вершасказаў, укладзены аўтарам, афорты Кацярыны Дасько.
Гэта апошняе прыжыццёвае выданне аўтара, на жаль Алесь Разанаў пайшоў з жыцця месяц таму.

Замест прадмовы:
Выснаваныя Алесем Разанавым вершасказы
ўвайшлі ў тэкст і кантэкст
айчыннай літаратуры.

Дзейная асоба ў вершасказах само,
зродненае з рэччу ці з’явай, слова.
Яно вымаўляе сябе, выяўляе
і вымалёўваецца ў карціну.

«Дуб», «Горад», «Маланка і гром»,
«Зброя», «Дарога», «Свечка» –
вершасказы знаходзяць
унутры сваёй існасці тое,
што збераглося і захавалася, – змест эпасу.


ДЗІДА
Дзіда паслухмяная, як дзіця, якое, калі яму
кажуць: «Ідзі!..», ідзе датуль і дагэтуль, дакуль
яму кажуць, і разам з тым дасведчаная, як стары дзед.

Нібы жардзіна рухомага плота, дзіда дзяжурыць
то на дзядзінцы, то ў дзікім полі, загароджваючы
дарогу непажаданым гасцям.

У падзеях, дзе вырашаецца лёс дзяржавы, дзіда
бярэ самы чынны ўдзел, здзяйсняючы подзвігі,
здабываючы дружыне славу, а сабе падзяку, і
робячы дзіравымі доказы супярэчнікаў.

Але настае гадзіна – і дзіда ўбіваецца ў
дзірван, каб зрабіцца пярэдаднем і прадвобразам
таго дрэва, пад якім знойдуць паразуменне
ўсе людзі.


РЭЧЫ
Рэчы дарэчы, калі яны памочнікі чалавеку, калі
яны яму зручныя і спадручныя, і недарэчы
калі пачынаюць панаваць над чалавекам і
пярэчыць яму.

Рэчы насяляюць чалавечы свет, яго рэчаіснасць,
і жыццё чалавека цячэ ў рэчышчы, абумоўленым
рэчамі, не могучы выхіліцца з-пад іхняга ўплыву і
не могучы заставацца там, дзе застаюцца яны.

Ствараючы рэчы, чалавек сірацее, нібыта
страчваюцца яго стрыечныя двайнікі, і набывае
новыя магчымасці ў новай сустрэчы з імі.

Чалавек трымаецца за рэчы, як за парэнчы,
і яшчэ невядома, хто болей каго не хоча
адпусціць ад сябе – ці ён іх, ці яны яго.

У рэчах назапашваецца рэха чалавечых думак,
зарокаў і адрачэнняў.

З рэчаў, як выява іхняй спрадвечнай і таямнічай
моцы, узнікае rex – цар.


ПЕВЕНЬ
Сербскі  п е т а о, тупаючы нагамі і лапочучы
крыллем, нібыта ён намерваецца ўзляцець,
можа, пяты, можа пяцьдзясят пяты раз, апантана
пытае-дапытваецца, ці ёсць дзе-небудзь той
супернік, што здольны спаборнічаць з ім, і сваім
апантаным пытаннем-дапытваннем пераконвае
ўсіх – і перш-наперш самога сябе, – што няма.

Балгарскі  п е т е л «пытляваны» – выпрабаваны:
ён называецца Петар і дае пытлю ўсім іншым
пеўням у наваколлі, якія «ўляпетваюць» ад яго,
як ад гарачай патэльні.

Славенскі  p e t e l i n, як дырыжабль-цэпелін,
вылеплены з неспатольнай прагі палёту;
застаючыся целам на лінялым палетку зямлі,
ён «ліецца» душою ў ільняны палетак нябёсаў.

Украінскі  п і в е н ь, сп’янелы ад акавітай кроплі
вады і перапоўнены спелым натхненнем,
аб’яўляе на ўвесь белы свет, што наступіла
вясна.

Беларускі  п е в е н ь пнецца на пень, упэўнены,
што без пня ён не лепшы за пыльны венік, а
на пні лепшы за вабную паву.

Рускі  п е т у х хуткі на рух: ён тушыць полымя
ўсходу і, калі ўсход патухае, ганарыцца, што
гэта яго заслуга; ён ходзіць пехатою, але пастаянна
памятае, што ён – птах, што ён – дух.

Царкоўнаславянскі  п ъ т е л ь – вястун святла:
з лета ў лета ўносіць ён лепту за лептай у
перамогу багаславёнай сілы, перакульваючы
сваім спевам платы патаемных поцемных
клятваў і распутваючы петлі адпетых замоў.

2021-09-30