«Літаратурныя вандроўкі па зямлі Максіма Багдановіча», Мікалай Чырскі
![]() |
Чытач пройдзе шляхамі і сцежкамі зямлі Максіма Багдановіча, не стамляючыся здзіўляцца, захапляцца, адчуваць сябе сапраўдным вандроўнікам. Ён пазнаёміцца з мясцінамі, якія звязаны з жыццём і творчасцю паэта, а таксама з мясцінамі тых літаратараў, якія тут жылі ці працавалі. Кожны кіламетр Віленскага і Даўгінаўскага гасцінцаў напомніць пра людзей і падзеі. што аб’яднаюць у адзінае мінулае і сучаснае зямлі Максіма Багдановіча.
«У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца. Але ёсць сярод іх і такія, якія сталі здабыткам чалавецтва, бо слава іх перасягнула межы краін і часоў. Беларускі паэт Максім Багдановіч набыў вядомасць сваім літаратурным, грамадзянскім і чалавечым подзвігам. Яго імя заслужана стаіць побач з імёнамі заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Як адзначыў Б. Стральцоў, «Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, – тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчымая перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету» (ад аўтара).
«Палын-вада: раман-хроніка. Кн. 3. Дробны дождж», Анатоль Разановіч
Карфаген павінен быць разбураны – такое рашэнне. як вядома, прынялі старажытныя рымляне. Яны прыклалі ўсе свае сілы і сродкі, каб усталяваць панаванне ў Міжземнаморскім рэгіёне, для чаго знішчылі дзяржаву фінікійцаў са сталіцай Карфаген. Гісторыя паўтарылася. Але ўжо не для збірання земляў у адной дзяржаве, а наадварот – падзелу велізарнай тэрыторыі СССР на 15 суверэнных рэспублік, адна з якой – Беларусь, Суверэнітэт яе адразу ж быў замацаваны ў Канстытуцыі. Першыя гады жыцця беларусаў ужо на постсавецкай прасторы, іх жаданне і імкненне быць самастойнымі, свабоднымі, багатымі – вось тое, што лягло ў аснову трэцяй кнігі «Дробны дождж» рамана-хронікі «Палын-вада».
«У пачатку лютага прыгожа апранутая сініца плаўна ўзляцела на стары граб, што стаяў у агародзе дзеда Фёдара, агледзелася вакол і заспявала звонкую жыццярадасную песню.
– Глядзі ж ты, – здзівіўся стары, выцягваючы тонкую гужаватую шыю, – цяпла захацела…
Яму і самому ўжо надакучыла зіма, і ён чакаў вясны. Чакаў так, нібы адчуваў, што жыць яму засталося мала. Можа, паўгода ці год – гэта як Бог дасць. Праўда, думкі пра смерць не палохалі дзеда Фёдара: «Пражыў ужо…» Непакоілі старога смутныя часы, што наступілі пасля развалу СССР. Усё адбывалася не так, як чакалася яму і людзям. Нешта яго трывожыла і прыгнятала. Ад усяго гэтага ўнутры ў дзеда Фёдара ўжо некалькі месяцаў халадзела і балела. Гэтыя холад і боль узмацнялі навіны, што перадавалі па радыё і тэлебачанні. Не слухаць бы іх, але без гэтых навінаў стары цяпер не мог пражыць і дня» (пачатак рамана).
«Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі: раман прыгодніцкі і фантасмагарычны», Людміла Рублеўская
У шостай кнізе вядомай авантурна-прыгодніцкай сагі, дзеянне якой адбываецца ў XVIII стагоддзі, мы зноў сустракаемся з улюбёнымі героямі – адважным шляхціцам Пранцішам Вырвічам і вучоным доктарам Баўтрамеем Лёднікам. Іх уцягваюць у палітычныя інтрыгі апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай. Героям давядзецца абараняць камень з кароны Карла Вялікага, вандраваць па падземнай рацэ, ажыўляць механічнага шахматыста, удзельнічаць у страшнай гульні Святога Пятра і пазнаёміцца з Чорнай Меланхоліяй.
«Дзверы не паддаваліся.
Трывалі здзекі з дабрадзейнасцю рымскай Лукрэцыі і мужнасцю спартанскага цара Леаніда.
Хаця шаноўны пан Франтасій Вырвіч, падкаморы Менскага павета, сумленны шляхціц герба Гіпацэнтаўр, лупіў у тыя дзверы і кулакамі, і нагамі ў саф’янавых чырвоных ботах з падкоўкамі, і булавой, на жаль, не гетманаўскай.
У дубовых дошках з’явіліся вышчарбіны, на лбе пана падкаморага – кроплі поту, на тварах прыгожай кабеты і чарнавокай дзяўчынкі, што стаялі побач і назіралі за высілкамі пана суддзі, – расчараванне» (пачатак рамана).