Ганна Зінкевіч. Юбілей кнігі з аўтографам

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Сёлета 15 гадоў споўнілася кнізе з аўтографам Ганны Зінкевіч «Шляхам любові».

Ганна Браніславаўна Зінкевіч нарадзілася ў вёсцы Догі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Закончыла філфак Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. Працуе настаўніцай роднай мовы і літаратуры на Глыбоччыне з 1977 года.
Вершы друкаваліся ў раённай і абласных газетах, у рэспубліканскім перыядычным друку («Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Родная прырода»), а таксама ў літаратурных альманахах «Дзвіна» і «Край».
Паэзія Ганны Зінкевіч лірычная, пяшчотная, поўная замілавання родным краем і святлом кахання.

Краязнаўчы цэнтр запрашае па добрае чытанне.

РОДНАЕ
Зорка ў хвалю глядзіцца,
Месячык мые сярпок.
Плаўна цячэ Аржаніца –
Спелых палёў паясок.

Звонка струменіць вадзіцца,
Студзіць падэшвы пясок…
Песняй гучыць: «Ар-жа-ні-ца!» –
Роднай зямлі галасок.


ШЛЯХАМ ЛЮБОВІ
Міска чужая поўнай здаецца заўсёды,
Грэх жа вялікі – рот разяўляць на чужое.
Птушка у клетцы прагне жаданай свабоды,
Рвецца сіло – і ў нябёсах салодкая воля.

Шляхам любові завецца дарога да Бога,
Шляхам любові сэрца імкнецца да сэрца.
Не пакідай мяне, вернасць, любоў і трывога,
Покуль сэрца маё на апошняй вярсце разаб’ецца.


РОДНАЯ МОВА
Не гордай паняй,
Не шляхцянкай
Ішла у свет ты –
Божа, мой! –
А мудрай, сціплаю сялянкай
З адкрытай светлаю душой.
З калыскі ў сэрца западала.
(На жаль, усякае было.)
Ліхвярства з рогатам плявала
І хітра ставіла сіло.
Вярніся зноў майму народу,
Як сэрцу хвораму біццё.
Без мовы, памяці і роду
Навошта мне само жыццё?


МАМА
Засынаю ля мамінай цёплай шчакі.
Забываю дарог неспакой трапяткі,
І згрызоты, і крыўды, і здраду сяброў,
Ачышчаюся дома ад пыльных шляхоў.
Спее ў сэрцы маім чысціня, цеплыня…
Мне заўсёды патрэбна твая дабрыня,
Мама!


ДАРОГА ДАДОМУ
Мае сляды злізала навальніца,
І сцежка, нібы каша, не ступіць.
Бягу дадому маме пакланіцца,
І вецярок ад зайздрасці дрыжыць.

Да родных мам вядуць усе дарогі
(А не у Рым, як прынята казаць).
Чакаюць нас бацькоўскія парогі,
І сад, і лес, маленства сенажаць.

Пакуль матулі нас чакаюць дома,
Мы – птушаняты пад крылом.
Я знаю – гэта ісціна вядома,
І ўсё ж наведайце маленства дом.

2021-12-13