З нагоды 170-годдзя з дня нараджэння пісьменніка краязнаўчы цэнтр прапануе.
Янка Лучына, Ян Неслухоўскі, Іван Неслухоўскі. Тры імёны аднаго аўтара. Кожнае з сваім прызначэннем, як неад’емны спадарожнік творчасці на трох мовах – беларускай, польскай, рускай. Адметным – Янка Лучына, пераасэнсавана запазычаным на псеўданім ад страчанай часткі прозвішча сваіх продкаў, паэт падпісваў пераважна беларускамоўныя творы – і арыгінальныя, і перакладныя. Псеўданім, утвораны ад прыдомка Лучыўка, павінен быў сімвалізаваць крыніцу святла, натуральную і звычную для старой сялянскай хаты беларуса, і разам з тым аднаўляць, аберагаць гістарычную памяць. Псеўданім выразна акрэсліваў няпростае вяртанне да моўнай стыхіі свайго народа, вяртанне праз іншамоўныя пісьмовыя традыцыі, замацаваныя ў родным краі. І перш чым адштурхоўвацца ад традыцый, іх трэба было зведаць. Каб знайсці сябе. Каб не толькі пробаваць, а ўжо набываць, мацаваць свой голас, зроднены з моваю народа (з артыкула Уладзіміра Мархеля «Пісалася ў добрай веры...»).
Іван Неслухоўскі дэбютаваў у 1886 годзе вершам на рускай мове («Не ради славы иль расчёта» ў першым нумары «Минского вестника»). Як паэт-дэмакрат засведчыў ён сябе ў тым жа годзе і вершам на польскай мове «Раскоша натхнення». Патрэба выявіць сябе па-беларуску нечакана-выбухова ўзнікла ў 1887 годзе, калі ён пачуў выступленне на Беларусі ўкраінскіх артыстаў, якіх ён адважыўся вітаць ад імя беларускага народа па-беларуску вершам «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова».
![]() |
УСЁЙ ТРУПЕ ДАБРАДЗЕЯ СТАРЫЦКАГА БЕЛАРУСКАЕ СЛОВА
Дзякую Вам, брацікі, сястрыцы родныя!
За Вашы хвацкія песні народныя,
За тую гутарку Вашу вясковую,
За праўду светлую, за праўду новую!
Даўно мы не чулі братняга голасу,
І ніва нашая колас па коласу
Ветрам развеяна, градам разбітая;
Стаіць бяздольная, Богам забытая…
Ці то над Нёманам, ці то над Шчараю,
Ці над Дняпроўскай затокай стараю,
Ўсюды падобныя, ўсюды знаёмыя
Сказкі і песні, ветрам нясомыя.
Ўсюды сустрэнуць з хлебам і соллю,
І з добрым словам, і са слязамі
Песню святую, пісану боллю,
Ўсюды ахвотна пойдуць за Вамі.
Братцы, сястрыцы! – праўды нясыта
Маці-Зямліца! Ой! не забыта
Роднага слова святая сіла!..
Ёю гаворыць усюды – магіла!
Яе ж паслышыць наша старонка!
Спявайце ж, Братцы, смела і звонка:
Не згіне песня і Украіна!
Будзьце здаровы!
Янка Лучына.
КАЛЫХАНКА
Спі, малы сакол,
Свет увесь заціх,
Лічыць хай анёл
Бег хвілін тваіх.
Ночка на парог,
Ззяе зорак рой.
Спі!.. хай моцны Бог
Сон бароніць твой!
Наплывае змрок,
Цішу свету шле...
Ды матулін зрок
Бачыць і ў імгле.
Матчына далонь
Гладзіць цёплы лён.
Cпi!.. ціхутка ў скронь
Дыхае твой сон…
Спі!.. Засні!.. маё каханне!
Заўтра ясна сонца ўстане,
Зноў на ніву і на поле
Паляціш ты, мой саколе.
Птушкі там жывуць сям’ёю.
Cпi... дзіцятка залатое!
Cпi, малы сынок,
Прыйдзе сон яшчэ!
Золатам уток
Нітка чараў тчэ.
Светлы век міне,
Не прысняцца сны,
У жыцця млыне
Змелеш шмат маны.
Маладосць мільгне,
Сцісне золлю свет
У чароўным сне
Выбуялы цвет!
Спі!.. жыццёвы гнеў
Знішчыць мар загон.
Хай жа матчын спеў
Лашчыць светлы сон.
У ПАГОНІ ЗА ШЧАСЦЕМ
Ў пагоні за мроівам шчасця зямнога
Да мэты нам заўжды далёка;
Як розум закрые да мары дарогу,
Імкнемся ў нірвану, да змроку.
Намнога мацнейшы ў нас клопат жыццёвы,
Чым час, летуценнем спавіты!..
Таму вось, таму… непахісны высновы
Аб вечным спакоі нябыту.
Падумае мудры ля блізкай магілы:
«За марай пайшоў я ў дарогу,
Мне бляскам фальшывым надзея свяціла;
На свеце жавем мы задоўга».
***
Ў пагоні за яркаю зоркай ідэі
Руплівасцю думкі сагрэты.
Тым бляск прыгажэйшы, чым меней надзеі,
Што дойдзе вандроўнік да мэты.
Тады ўсе наўдачы, змаганні, пакуты
Іначацца ў з’явы другія,
Вуаллю вясталкі яны ахінуты,
Цнатлівыя ўжо і святыя.
І мудры падумае так ля магілы:
«З цудоўным памкненнем трывала
Напоўнены сэнсам дзівосаў свет мілы,
Але вось жывём мы замала».
***
Дык будзь са мною, песня натхнення!
Ціхім пачуццем, сардэчным болем!
Раздзьмухвай смела агонь памкнення,
Красуйся збожжам, а не куколем!
Як будзе трэба, песня-галубка,
Твой боль раз’ятрыць змяя на ўсхліпе,
Хіба піць толькі з цярпення кубка?
Мая ты песня, гаркоты выпі!
***
Страціўшы веру, бег я дадому
З жалем, трывогай у сэрцы.
І выглядала зусім па-другому
Дзень веснавы ў паняверцы.
Хоць маё сэрца скавала болем,
Сціснута сумам каменным,
Думкі мае над лугам і полем
Свецяцца золкам праменным.
Я да заранкі працягваю рукі –
Да той, што лічыў сваёю,
Каб ажылі ў маім сэрцы гукі
Песні, што стала скалою.
2021-12-28
