Sidebar

22
Ср, Сту

«На долю не глядзі, не бойся і ідзі»

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

Краязнаўчы цэнтр прапануе кнігу балгарскага паэта Пеё Яварава «Апалавы пярсцёнак».

«Явараў лічыцца пачынальнікам сімвалізму ў балгарскай літаратуры, але нават праграмны верш «Песня песні маёй» нельга да канца прызнаць сімвалісцкім. Бо паэт усё-такі не адышоў ад жыцця, скіраваўшы думкі і пачуцці ўглыб сябе. Яго хвалююць тыя ж праблемы, толькі цяпер ужо на якасна новым узроўні. У паэта нямала чыста сімвалісцкіх вершаў, сэнс якіх праясняецца не з першага і не з другога прачытвання, напісаных змрочнымі фарбамі, але тут пануе не страх рэальнага жыцця, што вельмі характэрна для сімвалізму і індывідуалізму, а нянавісць, непрыняцце буржуазнага грамадства… Явараў у жыцці быў трагічна-нешчаслівы, але рэдка хто чуў ад яго скаргі. Пра сябе ён гаварыў паэтычным радком.
…Явараў нідзе не абмовіўся пра свой галоўны паэтычны і грамадзянскі прынцып: пішу, як жыву, жыву, як пішу, але да самай смерці, якая ўскалыхнула свет і нарадзіла столькі недарэчных плётак, сцвярджаў яго» (з прадмовы пісьменніка Васіля Сахарчука).

Кніга, выдадзеная ў 1988 годзе, апроч знакамітага імя паэта-балгарына мае пад сваёй вокладкай слынныя беларускія імёны. Так, у склад рэдкалегіі ўвайшлі Рыгор Барадулін, Язэп Семяжон, Васіль Сёмуха, Янка Сіпакоў, Максім Танк. Перакладалі з балгарскай Ніл Гілевіч і Васіль Сахарчук. Рэцэнзентам выступіў Анатоль Клышка.

КАЛЯ МОРА

Гляджу на мора: аднастайна
              бягуць чароды шумных хваль
наўсцяж – пустынна і бяскрайна.

А птушка-лодка легкакрыла
              пад ветразем ляціць удаль –
стралу б і то аперадзіла.

              «Пастой!» – ды пеннай баразной
              быў след кароткі за кармой…

Як толькі лодка знікла ў моры,
               з вачэй спаўзла агонь-сляза
і затуманіла прасторы.

Свет – тое ж мора… А за мною
                      хоць пройдзе следам баразна,
калі жыццё сплыве з вадою?
1901


ДЗІВАК

Яго я бачыў на ўзбярэжжы –
удалеч ён глядзеў з тугою –
і ў полі, на сялянскіх межах
з паніклай нізка галавою –
паўсюль. У свет накіраваны,
наўзбоч кідае погляд цьмяны,
са злосцю дзіўнаю ва ўсмешцы
прэч ад людзей бяжыць у спешцы.

Распусны свет любві не варты,
усе яго клянуць гурмою,
усе абходзяць стараною,
ды не заве ніхто вар’ятам.

Змарнелыя, худыя шчокі,
на лбе панурым знак пакуты –
то, відавочна, след глыбокі
выпрабаванняў злых і лютых;
адзін заўжды ў натоўпе шумным,
мо шал зласлівы, неразумны
альбо вар’яцкае каханне
гаротнік носіць да сканання?
1901


МАТЧЫНА ЛЮБОЎ

Я ўсё разбурыў – да мары апошняе ў сэрцы,
і ўсё патушыў – да апошняе зоркі на небе:
знямоглы, да ложка дабраўся праз цёмныя сенцы,
руіны і зла і дабра патаптаўшы у гневе.

І мовіў: цяпер паміраю. Ды ў цішы вячэрняй
твая, о матуля, любоў мне азвалася з цемры
і побач нябачная стала: я мігам прыўзняўся
і, жахам скаваны, у поцемкі доўга ўзіраўся.

Я ўсё разбурыў – а яно прада мной ажывае
у бездані родных вачэй і жыве там глыбока;
я ўсё патушыў – а пагляд твой праменнямі ззяе,
палае ярчэй і ярчэй – і віднее навокал.

Я думкай жывой дакрануўся цябе – пульс б’ецца.
Твар бачыў я твой – але хто заглянуў табе ў сэрца?..
Свяшчэнны каўчэг, што сусвету ўсяму дараваны,
дзе святасць, і грэх, і жыццё, і нябыт паяднаны.

Я ўсё разбурыў, але ты… ты стаіш непахісна,
я ўсё патушыў, але ты… ты гарыш непагасна:
загадка-скала – неразгадная вечная існасць,
і бездань святла – што, як сонца, праменіцца ясна!
1905


РАДЗІМА

         Люблю цябе, Радзіма, і суровы
         твой лёс ад самых цяжкіх мук,
         пад стоімённым гнётам гнуся ў крук
і валаку, нявольнік-раб, твае аковы…

         Ды што ты ёсць? Зямля ў граніцах-межах?
         Ці гэты мёртвы, скамянелы дол
         аднолькава бясплодны ў сквар і ў дождж,
дзе сёння я – а заўтра хтось скібіну ўзрэжа?

         Дзе, дзе ты, любая мая, Радзіма?
         Няўжо ты ёсць той ачмурэлы гурт
         ваўкоў і коз, што гоняцца, бягуць
ва ўсе бакі, аслеплыя ад злобы дзікай?

         А мо – ты матчына святое слова,
         што ўпершыню аблашчыла мой слых, –
         найдаўгавечнае з усіх жывых,
нятленны дух быцця, людской душы основа?

         Але ж яно… яно ўва мне, у сэрцы,
         дзе плачуць дні мінулыя наўсхліп,
         дзе будучнасць – далёкі ціхі кліч –
мне шэпча прыцемкамі казку аб бяссмерці.

         І ты ўва мне – ў маёй душы, Радзіма!
         Ты ёсць – і радасць мне цяжэй ад мук…
         Я пад ярмом няволі гнуся ў крук.
Ты ёсць – каб між людзей я чуўся нелюдзіма.
1909


ЦЯБЕ КАХАЮ Я

Цябе кахаю я – паветрана-пяшчотна-маладую,
нібы анёлаў сон,
на шлях нярадасны мне ціхую, зямную
прарочыць радасць ён,
у сэрцы ўпершыню дабро і грэх рыдаюць,
на споведзь б’юць паклон,
і ззяе – і чорны змрок без краю.

Цябе кахаю я, бо ты плывеш у змроку
на досвітку свайго жыцця,
шапчу я: ты – Яна! – тваіх світальных крокаў
чакае дух гадамі забыцця,
з пакутаю ўзіраюся я ў акіян сутоння
ў парыве пачуцця,
і вось – стаю я на краі прадоння.

Цябе кахаю я, бо ты ўсміхаешся пакорна
жыццю, а лёсу – насупор,
ніхто не чуе ў шпаркай лодцы па-над морам
папераджальны горн,
не спыняць мяне ўжо (гару агнём кахання!)
ні слёзы, ні дакор –
і я і ты цяпер згарым дазвання…
1906


НЕ БОЙСЯ І ІДЗІ

Усюды злосць мяне наперад гоніць,
міжволі зло я сею за сабой;
на міг спынюся дзе, магільнае прадонне
хавае ідэал – спяшаюся, бы ў бой,
пракляты, можа быць, у матчыным улонні…
А ты ідзі, на долю не глядзі,
                    не бойся і ідзі.

Гадзючы сык, крахтанне жабаў чую,
недасягальны, праз самотны змрок;
дні погляд ловяць, ночы мозг рабуюць,
не раз сабе я пасылаў папрок:
між безлічы слабых аднойчы заслабую…
Сябе зламаць хачу – Яны ўцякаюць прэч,
а ты ідзі, дзіця, і долі злой пярэч.

Ідзі і сведкам будзь – у змрочнай безнадзеі
як сохну для дабра, як веру яму я;
ідзі і сведкам будзь – у ледзяной завеі
пяшчотнае цяпло дае душа мая;
яшчэ засведчы, як яна шалее
ў бязмежжы пачуцця… На долю не глядзі,
                 не бойся і ідзі.
1906

 

2021-10-12