Творчая сустрэча з пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавай

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

16 снежня юным чытачам дзіцячага аддзелу, супрацоўнікам бібліятэк, настаўнікам і вучням ДУА “Гімназія №3 г.Барысава” і ДУА “Сярэдняя школа №13 г.Барысава” пашчасціла сустрэцца з маладой, знакамітай і неардынарнай беларускай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч –Лісавай.

Сустрэча прайшла на адным дыханні, дзеці зацікаўлена сачылі за кожным словам і дзеяннем, якія прапанавала ім пісьменніца. З вялікім задавальненнем школьнікі прынялі ўдзел у экспромт-пастаноўцы па матывах новай кнігі пісьменніцы “Прыгоды лісачкі Красуні”, якая ўбачыла свет у гэтым годзе. А яшчэ Кацярына Станіславаўна пазнаёміла дзяцей з цудоўным Вухуцікам з планеты Вухуція, з кнігай сапраўдных жахліўчыкаў і іншымі захапляльнымі кнігамі і  істотамі, што жывуць у іх.  Сакрэт папулярнасці Кацярыны Хадасевіч-Лісавай  і яе кніг заключаецца ў тым, што яна, педагог  па адукацыі, добра разумее дзіцячую псіхалогію і запыты сучасных чытачоў. Таму яе кнігі, акрамя самога тэкста змяшчаюць элементы гульні, многія аснашчаны QR-кодамі, што  вельмі падабаецца дзецям. Менавіта таму, адзін  з апошніх твораў аўтара, кніга-квэст “Ключ ад вялікай каштоўнасці”, прызнана  ў 2020 годзе пераможцам Нацыянальнай літаратурнай прэміі, у намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва”.

Напрыканцы сустрэчы дзеці з вялікім задавальненнем набывалі кнігі з аўтографам аўтара, а таксама бірулькі, створаныя па матывах  яе кніг. На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Кацярына Станіславаўна пакінула наступны водгук: "Творчая сустрэча ў Барысаве атрымалася выдатная! Дзеці так зацікавіліся кнігамі! Дзякую за цёплы прыём, за шчырую чытацкую аўдыторыю, за падарункі! Супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя  І.Х.Каладзеева, чытачы, настаўнікі, вялікі вам дзякуй за сённяшняе свята!"

2021-12-21