Sidebar

02
Пн, Сне

"Імёны Герояў бессмяротныя". Iнфармацыйна-патрыятычны праект НББ

Оформление
  • Мин. Малинький Средний Большой Макс.
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

80-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – адны з галоўных падзей 2024 і 2025 гадоў.

Гэтым юбілейным датам на працягу двух гадоў будуць прысвячацца шматлікія патрыятычныя і культурна-асветніцкія мерапрыемствы, навуковыя канферэнцыі, выставы, рэалізоўвацца выдавецкія праекты, стварацца электронныя рэсурсы і шмат іншага.

Адметна, што ёсць яшчэ адна важная юбілейная дата 2024 года, цесна звязаная з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны – 90-годдзе заснавання высокага звання “Герой Савецкага Саюза”. Гэта ганаровае званне ў якасці вышэйшай ступені адзнакі было заснавана Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта СССР 16 красавіка 1934 года. Падставай для заснавання звання стала выратаванне чалюскінцаў – знакамітай навуковай экспедыцыі, што трапіла ў лядовы палон Арктыкі. Лётчыкі, якія пераправілі палярнікаў на вялікую зямлю, здзейснілі беспрэцэдэнтны подзвіг і сталі першымі Героямі Савецкага Саюза.

Пасля званне стала прысвойвацца за асабістыя ці калектыўныя заслугі, звязаныя са здзяйсненнем геройскага подзвігу як у ваенны, так і ў мірны час. 1 жніўня 1939 года была заснавана асаблівая адзнака для Герояў краіны – медаль “Залатая Зорка”, аўтарам эскіза ўзнагароды стаў архітэктар М.І. Мержанаў. Пачынаючы з 1939 года, Героям Савецкага Саюза ўручаліся ордэн Леніна, медаль “Залатая Зорка” і Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Усяго ў СССР звання Героя Савецкага Саюза з 1934 года па 1991 год удастоены 12 772 чалавекі. Вышэйшую ступень гераізму ў гады Вялікай Айчыннай вайны праявілі 11 635 воінаў, якія сталі Героямі Савецкага Саюза. З іх: рускіх – 8 182, украінцаў – 2 072, беларусаў – 311, татараў – 161, яўрэяў – 108, армян – 99, казахаў – 96, грузін – 89, узбекаў – 69, чувашоў – 44, азербайджанцаў – 43. Усяго сярод Герояў Савецкага Саюза – прадстаўнікі звыш 100 нацыянальнасцей.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на мармуровых сценах мемарыяльнай залы залатымі літарамі выбіты прозвішчы Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі гэтае высокае званне ў баях за вызваленне беларускай зямлі – 1 643 чалавекі. Акрамя беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, прадстаўнікі яшчэ больш за 30 нацыянальнасцей. Звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены 448 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. 4 беларусы сталі двойчы Героямі Савецкага Саюза (П.Я. Галавачоў, І.І. Гусакоўскі, С.Ф. Шутаў, І.І. Якубоўскі).

Вайна адышла ў мінулае, але подзвіг народа мы будзем захоўваць у нашай памяці і нашых сэрцах вечна. Безумоўна, усе ўдзельнікі кровапралітных баёў Вялікай Айчыннай вайны з’яўляюцца героямі, але Героі Савецкага Саюза – гэта асаблівая катэгорыя. Менавіта ім – Героям, якія ступілі ў бессмяротнасць, не пашкадавалі свайго жыцця і засталіся навечна маладымі, Героям, якія здзейснілі бяспрыкладныя подзвігі і засталіся ў жывых, – прысвечаны інфармацыйна-патрыятычны праект навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі “Імёны Герояў бессмяротныя”. Мэта праекта – садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне шляхам прыцягнення ўвагі перш за ўсё маладога пакалення карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да подзвігаў і ўкладу ў Вялікую Перамогу Герояў вайны.

Рэалізацыя праекта ўключае публікацыю паведамленняў на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі аб мужнасці і гераізме абаронцаў нашай Айчыны, развіццё калекцыі інфармацыйных матэрыялаў аб Героях Савецкага Саюза ў рамках анлайн-энцыклапедыі “Беларусь у асобах i падзеях”, а таксама правядзенне семінараў, культурна-асветніцкіх і адукацыйных акцый.

Запуск праекта прымеркаваны да 90-гадовага юбілею заснавання звання “Герой Савецкага Саюза”. У гэты дзень запрашаем прыняць удзел у семінары, прысвечаным праекту, і азнаёміцца з матэрыялам, які адкрывае рубрыку “Імёны Герояў бессмяротныя”. У наступных красавіцкіх паведамленнях рубрыкі прапануем ушанаваць памяць нашых землякоў, якія сталі першымі з беларусаў, удастоеных гэтага высокага звання. Хто былі гэтыя Героі? Даведаемся з публікацый на партале бібліятэкі. Праект разлічаны на перыяд 2024–2025 гг.

Пры падрыхтоўцы інфармацыйных матэрыялаў аб Героях выкарыстоўваюцца дакументальныя крыніцы з фондаў бібліятэкі і адкрытых крыніц інтэрнэта.

Крыніца: НББ