Sidebar

29
Вс, март

Аляксей Рагуля – Навуковец і Настаўнік з вялікай літары

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

25 сакавіка 2020 года адзначае 85-годдзе беларускі літаратуразнаўца, прафесар МДПУ імя М. Танка Аляксей Рагуля.

Аляксей Уладзіміравіч Рагуля – адзін з самых глыбокіх і дасведчаных нашых культуролагаў і літаратуразнаўцаў. Кожнае яго выступленне – вуснае ці пісьмовае – падзея. Даследчык здольны прадуцыраваць уласныя слушныя і змястоўныя ідэі, рабіць глыбокія высновы. Прадметам асэнсавання А. Рагулі выступаюць актуальныя праблемы – жыццяздольнасць і моц нашай культуры, спецыфіка яе анталогіі і аксіялогіі, базавыя пастулаты культуры, яе нацыяахоўная функцыя. Асноўным пафасам даследванняў А. Рагулі выступае сцвярджэнне каштоўнасці беларускай культуры, яе маральных і эстэтычных ідэалаў, нацыянальнага этасу: «Беларускі этнас захаваўся, таму што ствараў і ўдасканальваў сваю сістэму культурнай арыентацыі». Вучоны імкнецца спасцігнуць самыя глыбокія сэнсавыя інтэнцыі беларускай культуры і літаратуры, «дамінантныя коды нацыянальнай ідэнтычнасці», па словах украінскай даследчыцы С. Андрусіў, аўтахтоннае ядро нацыянальнага, этыка-культурную аснову беларускага менталітэту. Гэтыя праблемы разглядаюцца А. Рагулем у метадыскурсіўным аспекце (з артыкула Анжэлы Мельнікавай, «Роднае слова» № 9, 2018 г.).
Многія навукоўцы і настаўнікі ўдзячныя А. Рагулю за прафесійныя аповеды пра мастацкую самабытнасць і прыгажосць пісьменства і аўтарскую арыгінальнасць беларускіх творцаў. Удзячныя яму і беларускія пісьменнікі за шматлікія артыкулы, рэцэнзіі, навукова-метадычныя матэрыялы пра сябе, сваю творчасць. Яны галоўныя героі кніг літаратуразнаўцы «Імгненні», «Пафас станаўлення» і іншых – паэты М. Танк, П. Панчанка, А. Куляшоў, А. Пысін, Г. Бураўкін, Р. Барадулін, Н. Гілевіч, В. Зуёнак, А. Вярцінскі… празаікі В. Быкаў, А. Адамовіч, І. Шамякін, Я. Брыль, В. Казько, А. Кудравец, А. Жук… (з артыкула Галіны Адамовіч, «Роднае слова» № 3, 2015 г.).
Выяўленая праз мастацкае слова беларуская культурна-гістарычная свядомасць разглядаецца А. Рагулем у шырокім часавым і прасторавым кантэксце, што дазваляе выразна акрэсліць традыцыйнае і наватарскае ў стаўленні нацыянальных творцаў да рэчаіснасці, у бачанні імі чалавечай асобы і яе месца ў жыцці, у вырашэнні актуальнай ва ўсе эпохі праблемы мастак і народ (з артыкула Таісы Грамадчанкі, «Роднае слова» № 3, 2010 г.).
Краязнаўчы цэнтр прапануе чытачам зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў Аляксея Рагулі «Пафас станаўлення». Кнігу склалі артыкулы, прысвечаныя аналізу твораў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Гарэцкага, К. Чорнага, І. Мележа, В. Быкава, В. Казько, В. Гігевіча, У. Рубанава і інш. Таксама ў краязнаўчым цэнтры вы можаце пазнаёміцца з вышэй згаданымі артыкуламі часопіса «Роднае слова», прысвечанымі творчасці і асобе Аляксея Рагулі.
Запрашаем па інтэлектуальнае чытанне.

Даведка. Аляксей Уладзіміравіч Рагуля (нар. 25 сакавіка 1935, вёска Сенна, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць) – беларускі літаратуразнаўца.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна (1951) год загадваў хатай-чытальняй у роднай вёсцы. У 1957 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1957 па 1962 гг. выкладаў рускую мову ў Халхоліцкай і Зачысцкай школах Барысаўскага раёна, з 1962 па 1970 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Рэспубліканскай школе спартыўнага профілю ў Мінску. З 1979 г. – асістэнт, выкладчык, з 1976 г. – дацэнт Мінскага педагагічнага інстытута.
Першы крытычны артыкул апублікаваў у 1970 г. Напісаў раздзелы пра творчасць К. Чорнага, І. Мележа, В. Быкава для падручніка «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1981–1983) для педагагічных інстытутаў. Прымаў удзел у выданні Збору твораў К. Чорнага ў 6 тамах (1988–1991).
Аўтар кніг:
«Беларуская літаратура ў 4 класе». Дапаможнік. 1980 г.;
«Методыка выкладання беларускай літаратуры». Адзін з аўтараў. 1986 г.;
«Родная літаратура». Адзін са складальнікаў падручніка-хрэстаматыі для 8 класа (з Л. Тамашовай). 1989 г.;
«Імгненні…». Кніга крытыкі. 1990 г.