Sidebar

10
Пн, авг

Калекцыя аўтографаў. Уладзімір Ліпскі

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

6 мая 2020 года святкуе 80-годдзе вядомы беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч Уладзімір Ліпскі.

Творчасць Уладзіміра Ліпскага – адметная старонка ў беларускай мастацкай літаратуры другой паловы ХХ ст. Ён аўтар арыгінальных кніг пра малую радзіму: «Адпяванне жывых» (1993), «Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), «Мама. Малітва сына» (1999), «Бацька. Пісьмы сына» (2004), «Мы. Аповесць пра нашы прозвішчы» (2006) і інш. У праграму шостага класа па беларускай літаратуры ўключаны твор «Ад роду – да народу»… Пра творчасць У. Ліпскага пісалі І. Буторына, С. Ханеня, М. Яфімава, адзначаючы некаторыя мастацкія асаблівасці яго стылю, а таксама высокае псіхалагічнае майстэрства (з артыкула Марыі Канцавой, «Роднае слова» № 9, 2016).
«У сваёй творчай практыцы я двойчы сутыкаўся з такім феноменам: размаўляючы з чалавекам, не мог пазбавіцца ад адчування, што гавару не з адной асобай, а адразу з некалькімі.
Першы раз такое было ў гутарцы з Адамам Мальдзісам, у другі раз – з Уладзімірам Ліпскім. Мы гаварылі з ім некалькі вечароў запар, і на кожнай сустрэчы ён паўставаў перада мною ў новай іпастасі, адкрываўся новым, нечаканым бокам.
…Ці ёсць патрэба пераказваць, характаразаваць усе кнігі Уладзіміра Ліпскага? Іх проста трэба чытаць. Таму што кожная з іх сагрэта дабрынёй і любоўю, вучыць чалавечнасці і сумленнасці, выхоўвае пачуццё нацыянальнай годнасці і патрыятызму.
…Адзін з яго блізкіх сяброў, навуковец Уладзімір Содаль, вельмі добра сказаў: «Для мяне Уладзімір Ліпскі гэта чыста беларускі тып. Калі хто хоча даведацца, якія самыя тыповыя рысы беларуса, знаёмцеся з Уладзімірам Ліпскім. Спісвайце з яго ўсё і смела сцвярджайце: у яго асобе акумаляваны лепшыя рысы прыроднага беларуса – спакой, лагоднасць, разважлівасць, дабрыня, палеская сціпласць…» А калі трэба – адчайная рашучасць…» (Зіновій Прыгодзіч «Постаці: гэткай шукаю цэлы век чэсці…», 2016).
Кнігі з аўтографам Уладзіміра Ліпскага знаходзяцца ў краязнаўчым цэнтры бібліятэкі: дзённік «Бацькі і дзеці» і дакументальная аповесць пра вядомага ў Беларусі аграрніка Аляксея Скакуна «Мужык».

Даведка. Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі (6 мая 1940, в. Шоўкавічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць) – беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1960 годзе скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (1960–1964), у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964–1967). Завочна скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). У 1967–1968 гг. першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968–1976 – у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976–1978 – адказны сакратар праўлення Саюза пісменнікаў БССР. З 1978 года галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». З 1988 года – старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду, пасля прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня I Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці (1995).
У друку выступае з 1964 года. Аўтар кніг публіцыстыкі «Райкомаўскія будні» (1971), «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасце?» (1977), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакументальных аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пастаўлена радыёп’еса ў 1978), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі…» (з Б. Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І. Грынявіцкага), зборнікаў прозы «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998) створаная на архіўных і дакументальных матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Кнігу «Мама. Малітва сына» (1999) Уладзімір Ліпскі напісаў да стагоддзя сваёй маці. Прозвішчы землякоў, іх жыццёвыя лёсы i сталі матэрыялам для скрупулёзнага даследавання пісьменніка ў кнізе «Мы: аповесць пра нашы прозвішчы» (2006).
Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т.л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1982), «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Пралескі ў небе» (1997), «Антонік-понік» (1998), «Наша Маша» (2002), «Прыгоды нуліка» (2007), «Я тут жыву: дзецям пра Беларусь» (2008) і інш. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой народнай мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзяржаўным музычным тэатры Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С. Клімковіч, муз. В. Войціка).
Узнагароды
1993 – Літаратурная прэмія імя Я. Маўра за кнігу «Падкідыш».
1997 – Літаратурная прэміі імя В. Віткі за аповесць «Загадкавы чалавечак».
1998 – Міжнародная прэмія А. Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі.
2001 – Дзяржаўная прэмія Беларусі.
2005 – прэмія Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў.
2007 – Ордэн Францыска Скарыны (за нумарам 109).
2015 – спецыяльная узнагарода «За асабісты ўклад у развіццё дзіцячай прэсы» па выніках ХІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера».