Sidebar

12
Ср, авг

Калекцыя аўтографаў. Вячаслаў Адамчык «Яблык спакусы»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

2020 год – юбілейны для кнігі Вячаслава Адамчыка «Яблык спакусы» з калекцыі кніг з аўтографам. Кнізе споўнілася 25 гадоў.

Літаратурная крытыка ў творах В. Адамчыка адзначала перавагу індывідуальна-псіхалагічнага, прыватнага зместу над сацыяльным і гістарычным… Большасці яго апавяданняў уласціва сумяшчэнне розных часоў і ў сюжэце, і ў праблематыцы, таму некаторыя з іх, як, напрыклад, «Два злоты», нагадваюць мініяцюрныя раманы. «Апавяданні Адамчыка нялёгкія для чытача, яны не развесяляць, не заспакояць і не закалышуць чалавека ў ружовых снах, яны не малююць перад ім лёгкіх шляхоў у жыцці. Яны суровыя. Яны рыхтуюць чалавека да жыцця сапраўднага, такога, якое яно і ёсць і якім можа быць заўтра і паслязаўтра, выхоўваюць любоў і павагу да чалавека», – падкрэсліваў вядомы сучасны літаратуразнавец Серафім Андраюк (з артыкула Галіны Тычко «Рэфлексіі Вячаслава Адамчыка», вучэбны дапаможнік «Беларуская літаратура ХІХ–ХХ стагоддзяў: час і асобы», 2010 г.).
«Тата пісаў, седзячы за сталом. Пісанне для яго – справа жыцця, адказная работа, пакліканне… У татавым разуменні пісьменнік мусіў нават у падыходзе да працы заставацца сур’ёзным. Стол, крэсла, аловак, аўтаручка, чарніла, папера, друкарская машынка, стэлажы з кнігамі, сонечны кабінет для яго мелі вялікую значнасць, каштоўнасць. Тата працаваў так, нібыта за ім у час працы назіраў настаўнік. Нешта вучнёўскае праглядалася ў такіх паводзінах, але, безумоўна, вучнёўска-станоўчае. Тата за пісьменніцкім сталом выглядаў старанным працаўніком» (успаміны Адама Глобуса (Уладзіміра Вячаслававіча Адамчыка) ў яго кнізе «Рысы: нарысы пра творцаў», 2019 г.).
Краязнаўчы цэнтр запрашае пазнаёміцца з асобай выбітнага беларускага празаіка праз артыкулы ў «Беларускай літаратуры ХІХ–ХХ стагоддзяў» і інш., а таксама пагартаць старонкі каштоўнага асобніка кнігі «Яблык спакусы» з аўтографам аўтара. У зборнік увайшлі: аповесць «Падарожжа на Буцафале», дзве драмы «Раіна Грамычына» і «Чорны цмок».

Даведка. Вячаслаў Адамчык (нар. 1 лістапада 1933, в. Варакомшчына, Навагрудскі павет, Навагрудскае ваяводства, Польшча, цяпер Дзятлаўскі раён – 5 жніўня 2001, Мінск) – беларускі празаік, драматург, кінасцэнарыст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку (1949), працаваў грузчыкам на станцыі Наваельня, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1952–1957 займаўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у газетах «Знамя юности» (1957–1958), «За вяртанне на Радзіму» (1958–1960), рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1960–1962), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя» (1962–1963). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1965). Працаваў літсупрацоўнікам часопіса «Нёман» (1965–1967), загадчыкам рэдакцыі часопіса «Полымя» (1967–1969), рэдактарам аддзела прозы, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1969–1977), галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні пры кінастудыі «Беларусьфільм» (1977–1980), намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1980–1982). З 1982 – галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Прымаў удзел у рабоце XXXVIII сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1983). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).
Дэбютаваў вершамі ў 1952. Першае апавяданне апублікавана ў 1957 г. Аўтар зборнікаў прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974), «Раяль з адламаным вечкам» (1990) і раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1978, паводле рамана зняты аднайменны мастацкі фільм (1982) і пастаўлены тэлеспектакль (1983), «Год нулявы» (1983), «І скажа той, хто народзіцца…» (1987), «Голас крыві брата твайго» (1990).
Напісаў сцэнарыі да дакументальных фільмаў «Іван Мележ» (зняты ў 1977), «Валянцін Таўлай» (зняты ў 1978), «Дзядзька Якуб» (зняты ў 1981), п’есу «Раіса Грамычына» (1989). Пераклаў кнігу балгарскіх народных казак «Незвычайны асілак» (1961), паасобныя творы М. Прышвіна, Ю. Казакова, С. Залыгіна і інш.
Прэміі і ўзнагароды:
 Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1980) за раман «Чужая бацькаўшчына»
 Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1988) за раманы «Чужая бацькаўшчына», «Год нулявы», «І скажа той, хто народзіцца…».