Sidebar

08
Ср, апр

Калекцыя аўтографаў. Віктар Шніп «Трава бясконцасці»

ШРИФТ
  • Минимальный Мелкий Средний Большой Максимальный
  • По умолчанию Helvetica Segoe Georgia Times

26 сакавіка 2020 года адзначае 60-годдзе беларускі празаік, паэт і перакладчык Віктар Шніп.

Віктар Шніп – лірычны паэт, паэт суб’ектыўнага, імпрэсіяністычнага ўспрымання свету. Вядома ж, для яго завузкія рамкі аднойчы знойдзенага. Пісьменнік распрацаваў арыгінальную аўтарскую баладную форму, у якой галоўны акцэнт прыпадае на раскрыццё духоўнай сувязі паміж суб’ектам і аб’ектам паэтычнага твора. Балады В. Шніпа сінтэтычныя па сваёй жанравай прыродзе. Яны напоўнены шматлікімі рэаліямі, дэталямі, падрабязнасцямі, якія паўнаважка прадстаўляюць кантэкст гістарычнай эпохі. І ў той жа час гэта, па сутнасці, своеасаблівыя паэтычныя маналогі, дзе дамінуе голас аўтара, паэтычныя пасланні, з якімі ён звяртаецца да сваіх герояў-адрасатаў. Паэт – майстар не толькі ў жанры балады, але і хоку. Асабліва ўдалыя творы гэтага няпростага жанру ў цыкле «На могілках у Гарошкаве». Гэта вострыя назіранні, у якіх схоплены імгненні быцця, і разам з тым гэта вершы-роздумы, якія ўражваюць сваёй глыбінёй, філасофскай значнасцю. Імгненне і вечнасць судакранаюцца тут у непасрэднасці паэтычнага адчування (з артыкула Яўгена Гарадніцкага, «Полымя» № 10, 2012 г.).
«Калі ты паэт, ты павінен не толькі мець талент, але і быць асобаю, сцвярджаць свае прынцыпы і пазіцыю… У лірыцы Віктара Шніпа выяўляецца яго душэўны лад, сумленнасць і непакой, здольнасць да душэўнага судакранання з навакольным светам, з радзімай, яе лёсам. Галоўнай асаблівасцю яго паэзіі з’яўляецца яе лірычны герой з яго вельмі сімпатычным імкненнем бачыць свет прыгожым і не прымаць хаосу» (Уладзімір Гніламёдаў).

***
У кожным божым дні, нібы ў агні,
Згарае вечнае, каб вечным стаць
У новым дні і прамінулым дні,
Каб дзень і ноч навечна паяднаць,
Нібы жыццё і смерць, агонь і тло
Жыццём і смерцю аб’яднаны ў крыж
Над тым, што ёсць, што будзе, што было,
Дзе час заплаўлены ў ссівелы глыж,
Што ля дарогі ў белы свет ляжыць,
Якой ідзеш ты, і не знаеш ты,
Што заўтра пройдуць, як агонь дажджы
І знікне шлях у полымі вады,
Дзе ёсць жыццё і смерць, вясна і тло,
Дзе пыл пад сонцам срэбна-залаты,
А ў ноч, нібы разбітае святло,
Бо ў кожным божым дні, нібы ў агні,
Згарае вечнае, каб вечным стаць
У новым дні і ў прамінулым дні,
Каб дзень і ноч ніколі не з’яднаць…

БАЛАДА САКАВІКА

...І трэснуў лёд, як неба, пад нагамі,
І хлынула вада, нібыта з горла кроў,
І папаўзла, нібы змяя, за намі,
І, бы ў каўчэгі, мы да берагоў
Пабеглі напалохана і дзіка,
Нібы ваўкі, што першы раз агонь
Убачылі, як смерць сваю, вялікі
І ўміг забыліся пра весні гон,
Бо трэснуў лёд, як вечнасць, пад нагамі
І хлынула жыццё, нібы вада,
Халоднае, дзе мы павінны самі
Уцяміць, што ёсць радасць, што бяда.
І, як па лёдзе, мы бяжым па свеце,
Не знаючы, што нас чакае там
За даллю белай, дзе вясна, і вецер,
І чорны лес, і белы-белы Храм...
(з «Балады аднаго года»)

У краязнаўчым цэнтры бібліятэкі ў калекцыі аўтографаў знаходзяцца кнігі Віктара Шніпа: «Выратаванне атрутай», «Беларуская мора», «Балада камянёў», «Страла кахання, любові крыж», «Першы папяровы снег», «Трава бясконцасці».
Запрашаем па добрыя кнігі!