Sidebar

29
Вс, март

Калекцыя аўтографаў. Вера Буланда «Мне не жыць без цябе...»

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

26 сакавіка 2020 года адзначае 65-годдзе беларуская паэтэса Вера Буланда.

У паэзіі Веры Буланды значнае месца займае тэма маральных каштоўнасцяў, узаемаадносінаў у сям’і, грамадстве. Лірычны талент паэткі рознабаковы: гэта пафасныя грамадска-патрыятычныя вершы, тонкая, далікатная інтымная лірыка, рыфмаваныя філасофскія разважанні і пейзажныя замалёўкі, гнеўна-асуджальныя радкі і строфы. Уражвае разнастайнасць паэзіі, дзе арганічна спалучаюцца традыцыйныя еўрапейскія жанры з іншамоўнымі формамі вершаў: санеты, трыялеты, таўтаграмы, рандо, віралэ, манарым і двурым, а таксама ўсходнія рубаі, японскія і інш. Паэтка перакладае свае беларускамоўныя творы на рускую мову. Паэзіі Веры Аляксандраўны ўласцівы адкрытасць, шчырасць, абвостранае пачуццё справядлівасці, а таксама прадуманая кампазіцыя, багацце мастацкіх сродкаў і прыёмаў, якія адпавядаюць тэматыцы і жанру твора. Усё гэта мае вялікі спазнавальна-выхаваўчы патэнцыял, з цікавасцю ўспрымаецца вучнямі, моладдзю, грамадскасцю, пра што сведчаць частыя сустрэчы ў школах, студэнцкіх аўдыторыях і інтэрнатах, бібліятэках. Творы патэнцыял паэткі яшчэ не вычарпаны і планы вялікія (з артыкула Мікалая Гуліцкага, «Роднае слова» № 3, 2015 г.).
Краязнаўчы цэнтр прапануе чытачам пазнаёміцца з праўдзівымі словамі, шчырымі пачуццямі беларускай паэткі ў кнізе «Мне не жыць без цябе...»

***
Не ўмею я прыгожа гаварыць,
Слаць лёстачкамі ў вочы я не ўмею,
Бо ведаю: збан носяць да пары,
І да пары нас сонца разам грэе.

Язык моў красамоўствам не слыве,
Затое мару я і думаю прыгожа.
Калі б чыталі думкі ў ва мне,
Дзівіўся б мне ў жыцці любы прахожы.

ЦІ ВАРТА
Ці варта быць з сабою строгай,
Упарта сціпласцю трызніць,
Бо ледзь не ўсіх вядзе дарога
Да непазбежнай сівізны?

Ці варта дбаць аб той кватэры,
Дзе ты, як перст, зусім адзін,
Дзе для сяброў закрыты дзверы,
І для сватоў, і для радзін?

Ці варта бліжняму зайздросціць,
Што ёсць машына, дача, хлеў,
Які і ў госці не запросіць,
Не прапануе соль і хлеб?

Ці варта выбіраць дарогу,
Калі яна вядзе не ў храм?
Сапраўдных вартасцей так многа.
Каб толькі гэта ведаць нам.

Даведка. Вера Аляксандраўна Буланда нарадзілася ў г. Маскве 26 сакавіка 1955 г.
У 1972 г. скончыла Мсціжскую СШ. Да паступлення ў інстытут працавала ў яслях-садку №55 горада Мінска. У 1977 г. скончыла Мінскі педінстытут імя А.М. Горкага. У час навучання ў ВНУ наведвала Народны тэатр мастацкага чытання «Жывое слова», якім кіраваў А. А.Каляда. У 1981 г. закончыла курсы Маскоўскага Завочнага ўніверсітэта мастацтваў (тэатральны факультэт, акцёрскае аддзяленне). Настаўнічала на Віцебшчыне, Барысаўшчыне, у Мінску. Працавала адміністратарам і педагогам-арганізатарам у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Кіравала тэатральнымі калектывамі, лялечным гуртком пры школе, фальклорнымі гуртамі пры ДК «Спадчына» ў Лепельскім і «Прыданкі» ў Барысаўскім раёнах, атрымліваючы ўзнагароды, адна з іх – Міністэрства культуры Расіі – Масква. Падрыхтавала для пастаноўкі на сцэне п’есы Я. Купалы «Паўлінка», А. Вярцінскага «Скажы сваё імя, салдат!», У. Ягоўдзіка «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», свае сцэнарыі: «Пакуль вятры Чарнобыль раздзімаюць», «Беларусі ў любові паклянуся!», «Спачатку было Слова», «Мы ласкаю матулінай сагрэты», «І не знікаць паэтам вечна», «Будзь жа век малады!», «Мы жадаем шчасця вам!», «Асуджан я любоўю пажыццёва», «Ты – боль, паэзія, ты – быль», «Зямля пад белымі крыламі» і інш. Нямала Верай Буланда адноўлена абрадаў, сабрана беларускіх народных песень. Жыхарам Лепельшчыны і Барысаўшчыны асабліва запомніліся «Вячоркі», «Вяселле» і «Сёння Купалле, заўтра – Ян».
Вера Аляксандраўна — педагог вышэйшай катэгорыі, дэлегат Першага з’езда настаўнікаў, Настаўнік года ў Барысаўскім раёне (1998).
Выдадзены зборнікі вершаў: «Запалі імгненне» (Полацк, 1991, супольны зборнік лепельскіх паэтаў), «Мне не жыць без цябе» (Барысаў, 1997), «Цыганскія кастры» (Мінск, «Беларускі кнігазбор», 2001), Дапаможнік для настаўнікаў па беларускай мове і літаратуры «Ад свята да свята» (Мінск, «Аверсэв», 2007), «Не здраджу. Не предам» (Мінск, 2008), «И снова душу греет благодать» (Мінск, 2010, супольны зборнік літаратурнага аб’яднання «Натхненне»), Кніга прозы «Най-Люба-я» (Мінск, 2010), «І гаспода мая і мой храм» (Мінск, 2011. Супольны зборнік літаратурнага аб’яднання «Натхненне»), Нізка вершаў перакладзена на французскую мову расійскай паэткай Нінай Дзябольскай, якая ўвайшла ў зборнік «У краіне паэтаў» (Мінск, 2011), зборнік вершаў і «Казка пра Дуб і Дзядоўнік» – «Шчырая споведзь мая» (Мінск, 2012).
Вершы друкаваліся ў шматлікіх выданнях: часопісах «Беларусь, «Алеся», «Маладосць», «Вясёлка», «Зрок», газетах «ЛіМ», «Настаўніцкая газета», «Віцебскі рабочы», «Чырвоны прамень», «Народная воля», «Адзінства», «Рэспубліка» і інш. Некаторыя гумарыстычныя апавяданні і бываліцы друкаваліся ў Барысаўскай раённай газеце «Адзінства», у «Настаўніцкай газеце», у часопісе «Вожык».