Sidebar

29
Вс, март

Фотапраект «Сутыкненне. Учора i сёння»

Typography
  • Smaller Small Medium Big Bigger
  • Default Helvetica Segoe Georgia Times

5 сакавіка ў мастацкай галерэі «З'ява» ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка ім. І.Х. Каладзеева» адкрылася выстава «Сутыкненне. Учора i сёння».

Яе аўтар - фотамастачка Аліса Ліўсі прэзентавала 42 фотаздымкі сучасных дзяўчат у аўтэнтычных беларускіх строях, якія былі зробленыя ў сапраўдных вясковых умовах.
Куратарам праекта стала Аліна Швайбовіч - выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (факультэт дызайна і ДПМ), двойчы стыпендыят Спецыяльнага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Аліса Ліўсі (Юлія Валасецкая) скончыла барысаўскую дзіцячую мастацкую школу, атрымала дзве вышэйшыя адукацыі (БНТУ, БДУІР). Зараз працуе дызайнерам на УП «Папяровая фабрыка» Дзяржзнака.
Фотапраект «Сутыкненне» - своеасаблівы вынік іх шматгадовага сяброўства і творчага ўзаемадзеяння і ўжо другая персанальная выстава Алісы Ліўсі.
На адкрыцці панавала святочная, лёгкая атмасфера.
Ад аўтараў гучала шмат словаў падзякі да людзей, якія бралі ўдзел у рэалізацыі праекта. Гледачы маглі атрымаць асалоду ад выступлення ансамбля танца «Дарунак» ДУА «Барысаўская дзіцячая харэаграфічная школа мастацтваў». Наведвальнікі пачаставаліся прысмакамі ручной работы барысаўскіх кандытараў.
Гледачы прымалі ўдзел у прапанаваным аўтарскім розыгрышы, фатаграфаваліся ў спецыяльна арганізаванай фотазоне. Кніга водгукаў таксама была аб'ектам цікавасці, бо ў ёй аўтары змясцілі забаўныя кадры са здымачнага працэсу. На працягу вернісажу ў выставачнай зале гучала сучасная беларуская этнічная музыка, смех, вяліся задушэўныя размовы гледачоў і удзельнікаў праекту.
Выстава працуе да 23.04 ўключна.