|
|
Таленавітыя людзі - Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан стварылі кнігу “Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура, ў 2010 годзе. Арыгінальная форма падачы кожнага інструмента дапаможа дзецям з цікавасцю і жаданнем увайсці у свет беларускай музыкі. Артыкул пра кожны інструмент складаецца з казачнай гісторыі і верша, а ў канцы артыкула маецца “інфрамацыя для вундэркінда і пытанне для маленькіх разумнікаў”. Аўтары кнігі – музыка, гісторык, калекцыянер - Яраш Малішэўскі і пісьменніца Аксана Спрынчан у кожным інструменце ўбачылі своеасаблівую душу і часцінку той краіны, адкуль яны прыйшлі да нас, беларусаў. Па іх словах “нам не цяжка было пісаць, бо ўсё тое, пра што пісалі, мы любім”. Кніга адрасавана дзецям і падлеткам, а таксама будзе цікава для тых, хто грае і спявае, слухае, і , вядома ж, з задавальненнем чытае па-беларуску. |
|
|
У серыі “Скарбы роднай прыроды”, распрацаванай беларускай пісьменніцай-казачніцай Аленай Масла выйшла новая кніга “Падарожжа з белай чапляй” (выдавецтва “Мастацкая літаратура, 2010 год). Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі – вядомы дзіцячы пісьменнік Валерый Кастручын. Каля старажытнага горада Турава, што на Палессі, між рэчкамі Сцвігай Убарцю і Прыпяццю знаходзіцца Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. У лясах і балотах Палесся жыве мноства звяроў і птушак, сярод якіх ёсць вельмі рэдкія: аб іх ідзе размова ў гэтай кніжцы. Па словах укладальніка - па жанру гэта кніга - падарожжа, падчас якога маленькі чытач, не выходзячы з дому, адчувае сябе вандроўнікам па вядомай - невядомай зямлі, а яго “крылатым гідам” будзе белая чапля, якая нарадзілася тут і жыве зараз. Кніга адрасавана дзецям малодшага школьнага ўзросту. |
|
|
Да 70-гадовага юбілею беларускага пісьменніка, Дзяржаўнага дзеяча Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага ў 2010 годзе, ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла новая кніга “Усе мы - радня”, якая ўключае яго знакамітую повесць “Я.Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод” і цыкл апавяданняў “Замасцянцы”, прысвечаных землякам пісьменніка. Кніга “Усе мы - радня” зацікавіць тых чытачоў, хто шукае вытокі свайго радаводу, бо па словах Уладзіміра Сцяпанавіча, “толькі ў алфавіце літара “Я” апошняя, а ў жыцці кожны чалавек - Асоба, кожнае “Я” – галоўная фігура, пуп Зямлі, стрыжань, вакол якога адбываюцца ўсе падзеі”. Сваім аповедам пісьменнік заклікае нас па зярнятку збіраць звесткі пра свой радавод, каб стаць багацейшымі на радню, бо народная мудрасць вучыць:”Калі не ведаеш адкуль прыйшоў,то не ведаеш адкуль пойдзеш”. |
|
|
У выдавецтве “Літаратура і мастацтва”, ў 2010 годзе выйшла новая кніга сучаснай беларускай казачніцы Алены Масла пад назвай “Першая Прыгажуня”. Казкі, якія ўвайшлі ў зборнік распавядаюць аб прыгажунях з казачнага каралеўства; чараўніках і высакародных рыцарах; самотным Вадзяніку, аб гісторыі з’яўлення зорак на небасхіле, аб балотнай кансерваторыі. Але ўсе казкі , напісаныя аўтарам - гэта непроста прыгоды і здарэнні. Гэта яшчэ і падарожжа кожнага з нас ва ўласны свет пачуццяў, магчымасць глянуць на рэчаіснасць праз чароўнае шкельца, як калісьці рабілі ў дзяцінстве амаль усе дарослыя. Кніга адрасавана дзецям сярэдняга школьнага ўзросту. |
|
|
Адну з цікавых старонак беларускага народнага эпасу складаюць легенды.У кніжцы “Востраў русалак:легенды, паданні”, укладальнікам якой з’яўляецца У.К.Касько змешчаны лепшыя беларускія легенды – невялікія фальклорныя або літаратурныя апавяданні. У гэты зборнік уключаны малавядомыя творы пра паходжанне Сусвету,Зямлі, чалавека, раслін і жывёл. Сам тэрмін легенда ўзвышае гэты жанр, бо ў пракладзе з лацінскай “legenda” гучыць як “вартае прачытання”. Кніга вышла ў 2009 годзе, у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, у серыі “Беларускі фальклор”. |
|
|
“У нейкім царстве, у нейкім гасударстве…”, “Жылі-былі дзед ды баба…”. Хто з нас не затойваў дыханне пры гэтых словах, пачутых з вуснаў маці, бабулі або дзядулі, бо яны былі напоўнены нейкім чарадзействам, захапляльным падарожжам у краіну казак. Зборнік “Кашалёк жорава: беларускія народныя казкі” уключае народныя казкі ў апрацоўцы Я.Коласа, Я.Купалы, А.Якімовіча, У.Караткевіча і іншых знакамітых пісьменнікаў. Дзеці і падлеткі маюць магчымасць пазнаёміцца з шэдэўрамі беларускага фальклору, каб некалі прачытаць іх сваім дзецям, унукам. Укладальнік зборніка У.К.Касько, кніга выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, ў 2009 годзе. |
|
|
Самае жаданае і самае вясёлае свята, якое аднолькава чакаюць дарослыя і дзеці, канешне, ж, Новы год. Беларускія пісьменнікі зрабілі дзецям цудоўны падарунак - стварылі арыгінальны зборнік “З Новым годам: вершы, песні, п’есы, казкі,загадкі”. Разам з гэтай кнігай у кожны дом нібы завітае Новы год, дзеці могуць знайсці для сябе верш або песню, якія потым выканаюць для Дзядулі Мароза і Снягуркі, для сваіх блізкіх. Укладальнікам зборніка з’яўляецца Уладзімір Мазго, выпусціла кнігу ў свет выдавецтва “Мастацкая літаратура”, ў 2009 годзе. |
|
|
Генадзь Аўласенка не толькі пісьменнік, але і настаўнік, таму кожны дзень ён мае магчымасць сустракацца з дзецьмі рознага ўзросту, назіраць за іх паводзінамі. Дзякуючы гэтым назіранням, з’явіліся кароценькія казачныя гісторыі пра Васю Лайдачкіна і яго сяброў - Пецю Выдатніка і Зойку Зазнайкіну. Якія прыгоды і неверагодныя гісторыі чакаюць персанажаў казачных твораў можна даведацца, калі прачытаць кнігу Г.Аўласенка “Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак”, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, ў 2009 годзе. |
|
|
Карыстальнікам камп’ютараў, неаднойчы даводзілася сутакацца з праблемамі, створанымі кампьютэрнымі вірусамі. Пра аднаго з іх - Віруса Шкодзю распавядаецца ў новай кніжцы вядомага пісьменніка Анатоля Бутэвіча ”Прыгоды Віруса Шкодзі”. Чытачоў чакаюць незвычайныя прыгоды ў Каралеўстве Віндаўса Вялікага, адмысловыя штукарствы хітрага, вераломнага, а часам наіўнага і нават… закаханага Віруса Шкодзі. Кніга ўбачыла свет ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, ў 2009 годзе. |
|
|
Пятро Васючэнка “Каляровая затока: экалагічная казка”.- Мн.: Маст.літ., 2008. Персанажы новай кніжкі аўтара жывуць у закінутым свеце, які называецца Каляровая Затока. Людзі часам забываюцца, што яны не адны жывуць на гэтай планеце. А гэтым істотам, што апынуліся ў забруджанай рэчцы таксама жыць хочацца… Грацыёзнай Хахулі, старой Шчупачысе, няўрымсліваму Шчупаку, рамантычнаму Слімаку і ўедліваму Вадзяному Скарпіёну. Прачытаўшы кнігу, адразу ж задумваешся над пытаннем: што важней: чалавечыя справы або лёс усяго жывога наўкол… Усё важнае. Застаецца дабавіць, што ўсе тры вышэйуказаныякнігі выйшлі у серыі “Казкі ХХI стагоддзя”. |